Хто, як не вяскоўцы, ведаюць, што такое праца на зямлі, і хто, як не яны, умеюць цаніць рэдкія хвіліны адпачынку. А свята вёскі, якое днямі прайшло ў Шайцераве — добрая нагода, каб разам павесяліцца, адпачыць.
Мясцовы СДК у гэты дзень ледзь змясціў усіх жадаючых прыняць удзел ва ўрачыстасці. Гасцей сардэчна вітала старшыня сельскага Савета Таццяна Анатольеўна Разумная. Напачатку прысутным быў прадэманстраваны фільм аб творчым і жыццёвым шляху іх вядомага земляка Тараса Хадкевіча.
Аб тым, што шайцераўская зямля багата на таленты, сведчыла выстава народных майстроў. Тут было на што падзівіцца- захаплялі карціны мясцовага мастака Васіля Сімановіча, ручная вышыўка Алега Цяжкага, мяккія цацкі, зробленыя Юліяй Барсток, вязаныя адмысловыя рэчы Тамары Булаўскай. Свае работы прадставілі вучні Шайцераўскай школы і раённы Дом рамёстваў.
А колькі фантазіі праявілі ўдзельнікі конкурсу на лепшую кампазіцыю з кветак! Выбраць пераможцаў аказалася вельмі няпроста. І ўсё ж першае месца было прысуджана кампазіцыі, зробленай работнікамі пажарнага паста. Другое і трэцяе падзялілі супрацоўнікі ўрачэбнай амбулаторыі і паштовага аддзялення сувязі.
Вызначыў сваіх пераможцаў і конкурс на лепшую сядзібу. Да яго вяскоўцы рыхтаваліся загадзя і іх творчасць і гаспадарлівасць былі высока ацэнены членамі журы, у склад якога ўвайшлі старшыня СВК «Шайцерава» М. П. Гумнянкоў, намеснік старшыні СВК па ідэалагічнай рабоце Л. К. Рудак, старшыня сельскага Савета Т. А. Разумная, сакратар сельскага Савета В. А. Чэрнік. Вынікі былі падведзены падчас правядзення свята, і пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. Акрамя таго, кожнаму гаспадару адрасаваўся музычны нумар, якія падрыхтавалі мясцовыя культработнікі.
Адметным на свяце было і тое, што кожная вуліца вёскі сустракала сваіх гасцей невялікімі імпрэвізаванымі пастаноўкамі. Звонкі гармонік, песні, прадукцыя райспажыўтаварыства, салодкая вата і атракцыёны для дзяцей — усё гэта зрабіла свята вёскі незабыўным і падаравала мясцовым жыхарам і гасцям выдатны настрой.
Анна ЗІМАЦКАЯ.