Адзін дзень на зямлі продкаў

Жизнь сельских Советов

-Думка аб тым, каб пабываць на зямлі сваіх продкаў, ужо даўно мяне турбавала, — гаворыць Генрых Адольфавіч Зінкевіч. — Тут, у фальварку ля вёскі Пустэльнікі, нарадзілася мая маці. Тут жыў і працаваў на пошце прадзед Вікенцій Зінкевіч. У 34 гады ён пайшоў добраахвотнікам на германскі фронт. Бацька, Адольф Казіміравіч, расказваў, што падчас першай сусветнай вайны прадзед здейсніў подзвіг — закрыў сабой генерала, і аб гэтым нават было напісана ў «Петербургских ведомостях».

 

Дзед Генрыха Адольфавіча — Казімір Вікенцьевіч быў асабіста знаёмы з М. Калініным і К. Варашылавым. Сорак гадоў ён адпрацаваў на заводах у Пецярбургу. З часам пераехаў у Беларусь, у в. Пустэльнікі Асвейскага раёна. Падчас вайны яго разам з жонкай спалілі немцы.

-Бацька мой, — працягвае Генрых Адольфавіч, — ваяваў на грамадзянскай вайне, удзельнічаў у штурме Перакопу. У 38-м годзе яго зволілі з арміі «за палітычную неблаганадзейнасць». І справа толькі ў тым, што мець імя Адольф Казіміравіч ужо было злачынствам. Праўда, у сорак першым яго рэабілітавалі і адправілі ў Беларускую ваенную акругу камандзірам асобнага зенітнага дывізіёна. Паехаў ён туды ў красавіку, а ўжо ў чэрвені прапаў без вестак, і пошукі не далі ніякіх вынікаў.

Сам Генрых Адольфавіч нарадзіўся ў Севастопалі, да блакады жыў у Ленінградзе. У Барнауле, куды быў эвакуіраваны, скончыў школу, потым Кемераўскі горны інстытут. Працаваў на шахце горным майстрам, потым дырэктарам, а падчас трохгадовай камандзіроўкі ў Іран — галоўным інжынерам. Пасля займаў пасады дырэктара цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі, намесніка начальніка пададдзела паліўна-энергетычнага комплексу ў аблвыканкаме. Напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Маё жыццё».

-У 60 гадоў пайшоў на пенсію, аднак сядзець без працы не мог. Успомніў, што ў маладосці займаўся навукай, быў сааўтарам кнігі «Асновы тэхнікі бяспекі для вугальных шахт», — зазначае Генрых Адольфавіч. — Прыйшоў у родны інстытут, які калісьці скончыў, і рэктар прапанаваў папрацаваць прарэктарам па рамонту і будаўніцтву, а праз тры гады я стаў выкладаць тут экалогію. Выдаў кнігу «Курс лекцый па экалогіі для студэнтаў горных спецыяльнасцей ВНУ».

Як сам жартуе, яго тройчы адпраўлялі на пенсію — у 50 гадоў, як шахцёра, у 60 — як работніка дзяржорганаў, а ў 80 — як выкладчыка экалогіі.

Зараз Генрых Адольфавіч жыве з сям’ёй у Кемераве, мае траіх дзяцей, чатырох унукаў і праўнука. І кожны з іх ведае радаслоўную сям’і Зінкевічаў. Унук Ягор у школе нават атрымаў адзнаку «выдатна» па гэтай тэме. І гэта правільна, бо, як кажуць, чалавек жыве, пакуль жыве памяць.

…Мара Генрыха Адольфавіча пабываць на зямлі продкаў здзейснілася. І важна гэта не толькі для яго самога, але і для яго нашчадкаў.

Анна ЗІМАЦКАЯ.

04/09/2010 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *