Мова, як і грамадства, удасканальваецца

Жизнь сельских Советов

Першага верасня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Л. І. ЛЯМНЁВА знаёміць чытачоў «Дзвінскай праўды» са зменамі, якія адбыліся ў нашай літаратурнай мове.

 

-Лідзія Ільінічна, як вядома, работа над удасканаленнем правапісу — працэс непарыўны…

-У 1918 годзе была выдадзена Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча. Яму ўдалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання. І ўсё ж у «Граматыцы» заставалася шмат спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся правапісу, перш за ўсё — слоў іншамоўнага паходжання. Не вырашыла іх і прыняцце ў 1933 годзе Пастановы Савета Народных Камісараў «Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу».

У 1959 годзе былі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», падрыхтаваныя калектывам супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П. Ф. Глебкі. Правапіс адчувальны да любых змен у мове, таму павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта пытанне ў канцы ХХ стагоддзя, калі ў беларускай мове і моўнай практыцы значна абнавіўся склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычанасцямі, на друкаваных старонках пашырыліся варыянтныя напісанні.

Пастановай Саўміна Беларусі ад 17 жніўня 1993 года ствараецца Дзяржаўная камісія па ўдасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Праз год Камісія апублікавала «Высновы па ўдасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы».

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі рабочая група пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара В. І. Іўчанкава і доктара філалагічных навук прафесара А. А. Лукашанца канчаткова дапрацавала «Правілы» з улікам заўваг і пажаданняў, зробленых у час іх абмеркавання.

23 ліпеня 2008 года быў прыняты Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

-Якія ж асноўныя змены адбыліся ў літаратурнай мове беларусаў?

-Напрыклад, пашыраецца прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання. Трэба пісаць адажыа, трыа, сальфеджыа (а не адажыо, трыо, сальфеджыо).

У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы -эр, -эль у адпаведнасці з прынцыпам акання прапанавана перадаваць як -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар, а не прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр.

Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, а не дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць.

У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складанаскарочаных слоў. Прапануецца пісаць прафкам, гаркам, абкам, селькар, газпрам і г. д., а не прафком, гарком, абком, селькор, газпром.

Пашыраецца напісанне «ў» (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання: пішацца для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі і г. д., а не для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі.

Спрошчаны правілы пераносу слоў.

У адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай і малой літары ў назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д. (напрыклад, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і г. д., але Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь).

Уведзены новы параграф «Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў». Напрыклад: «З вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Троіца…».

У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й] + галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Ёфе, Ёжэф, Нью-Ёрк.

Са зводу правіл выключаны раздзелы «Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў», «Галосныя ў некаторых канчатках лічэбнікаў», «Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў». Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знахо-дзяць сваё адлюстраванне ў граматыках беларускай мовы.

Уведзены новы раздзел «Правапіс некаторых марфем», у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў. У «Правілах» 1959 года гэтыя звесткі змяшчаліся ў параграфах аб правапісе часцін мовы і былі раскінуты па ўсім зводзе правіл.

Рэгламентавана ўжыванне суфіксаў -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-). Напрыклад, ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не акліматызіраваць, але каман-дзіраваць, а не камандаваць, бу-дзіраваць, а не будаваць і г. д.

У новай рэдакцыі ліквідаваны спасылкі на іншыя параграфы і раздзелы, якіх у «Правілах» 1959 года налічваецца каля 40.

Усе змены і ўдасканаленні новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» накіраваны на ўніфікацыю сучаснага беларускага правапісу і змяншэнне колькасці выключэнняў, якіх вельмі шмат у «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 года выдання.

-Зразумела, авалоданне ўдасканаленым правапісам — працэс працяглы. Ці адаб’ецца гэта на адзнаках вучняў?

-Для якаснай арганізацыі працэсу навучання беларускай мове пасля ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь вызначаны пераходны перыяд, працягласць якога складае 3 гады (з 1 верасня 2010 года па 31 жніўня 2013 года).

У пераходны перыяд пры праверцы навучальных, кантрольных, экзаменацыйных работ памылкі ў напісанні слоў, якія адпавядаюць правілам арфаграфіі 1959 года, настаўнікі павінны выпраўляць, аднак пры выстаўленні адзнакі не ўлічваць. Пры правядзенні кантрольных дыктантаў, пераказаў трэба старацца падбіраць тэксты, у якіх не выкарыстоўваюцца словы, дзе адбыліся змены правапісу.

У пераходны перыяд пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове з тэставых заданняў будуць выключаны тыя пазіцыі, якія датычацца змен у правапісе.

-Што прынясе нашаму грамадству рэалізацыя Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»?

-Яна будзе садзейнічаць дзяржаўнаму рэгуляванню ў сферы моўнай палітыкі і практыкі, стабілізацыі арфаграфічных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць і захаванне адзінага моўнага рэжыму ў сістэме адукацыі, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што ў выніку павысіць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

16/09/2010



2 комментария по теме “Мова, як і грамадства, удасканальваецца

  1. Наша мова — гэта гонар нашай дзяржавы, ідэнтыфікатар нацыі. Дзякуй Богу, што ёй нехта займаецца. Будзем лічыць, што гэта мове на карысць. Але жадалася б пабачыць і тое, як павялічваецца сфера яе ужытку, бо тое, што робіцца нават у нашым горадзе, пакуль палохае. Хутка ад мовы зусім нічога не застанецца а таму і ідэнтыфікаваць нас будзе не пачым. Можа хто ведае, колькі апошнім часам з’явілася беларускамоўных шыльд у нашым горадзе? І чым кіравалісь, калі аднаўлялі манументальныя надпісы з назвай горада, пакідаючы рускамоўны варыянт? Чаму ў нас ёсць Дом торговлі, але няма Дома гандлю, чаму ёсць Хозяін, але няма Гаспадара, …., …
    Не памятаю хто, але нехта казаў пра тое, што толькі ідыёт можа адмовіцца ад рускай мовы. Але ж якім словам абазваць таго, хто не шануе мовы дзядоў сваіх?

  2. Рэформу 1933 года не прызнала частка беларускіх палітычных арганізацыяў Заходняй Беларусі, якія палічылі яе русіфікацыйнай. Не прызналі рэформу 1933 г. і беларускія дыяспары Амерыкі, Аўстраліі ды Заходняй Еўропы. Аднак, адкідаючы ўсё акадэмічнае развіццё правапісу пасля 1933 г. і працягваючы карыстацца дарэформенным, супольнасць беларусаў замежжа захавала і ўсе праблемы той граматыкі, што існавала да 1933 году. У другой палове 20 ст., сутыкнуўшыся з аб’ектыўнымі цяжкасцямі пры вырашэнні існаваўшых у той час моўных праблемаў, (адной з якіх была адсутнасць агульнапрызнанай арганізацыі ці цэнтру па выпрацоўцы моўных нормаў), апаненты рэформы 1933 г. так і не здолелі інтэграваць розныя падварыянты тарашкевіцы ды ўзгадніць правілы альтэрнатыўнага правапісу. Да цяперашняга часу беларускія эмігранцкія арганізацыі і друкаваныя выданні карыстаюцца рознымі варыянтамі тарашкевіцы (дыскусія Яна Станкевіча і Майсея Сяднёва ў пач. 1950-х гадоў, палітыка выдавецтва «Бацькаўшчына» і інш.).

    Шаноўная рэдакцыя трэ хоць крышачку ведаць аб чым пішаце…бо людзей цікавіць чаму не прынялі «тарашкевіцу» а яшчэ б было цікава даведацца чаму зараз ўлада рэагуе на яе як на бочку з порахам??

    «Пашыраецца напісанне «ў» (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання: пішацца для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі і г. д., а не для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі.» — проста выклікае ўсьмешку..

    Зразумела, авалоданне ўдасканаленым правапісам — працэс працяглы. Ці адаб’ецца гэта на адзнаках вучняў?- мяркую што не, хіба толькі на тых хто сур’ёзна будзе займацца вывучэньнем роднай мовы!

    Што прынясе нашаму грамадству рэалізацыя Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»?- нажаль амаль што нічога гэта не прынясе.. нажаль

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *