Наша духоўнае багацце

Жизнь сельских Советов

15 верасня мы адзначалі дзевяцігоддзе Дня бібліятэк. Аб важнасці для грамадства, жыхароў нашага раёна гэтых устаноў культуры, буднях іх работнікаў расказвае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ала Канстанцінаўна ГЕНДЗІК.

 

-У нашым раёне 26 бібліятэк прапаноўваюць свае паслугі насельніцтву. Аддаленыя населеныя пункты абслугоўвае бібліобус. Штогод бібліятэкі наведваюць звыш 13 тысяч чытачоў, ім выдадзена больш за 262 тыс. экземпляраў выданняў.

У бібліятэк шмат напрамкаў дзейнасці: выхаваўчая, інфармацыйная, арганізацыя вольнага часу насельніцтва.

У сістэме працуюць 9 клубаў па інтарэсах, з іх 2 носяць званне «народны», і 10 гурткоў, якія наведваюць 241 чалавек. Аб іх і хацелася б расказаць падрабязней.

Аматарскія аб’яднанні і гурткі маюць разнастайныя накірункі: літаратурны, літаратурна-музычны, краязнаўчы, экалагічны, прыкладнога характару.

 

Клубы па інтарэсах аператыўна адклікаюцца на патрабаванні часу, даюць магчымасць аб’яднаць чытанне і творчую дзейнасць іх удзельнікаў. Народны клуб «Сучаснік» існуе больш 17 год пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. У яго складзе — неардынарныя творчыя людзі розных узростаў, прафесій, інтарэсаў і поглядаў. Дэвіз клуба «Усё аддаў — і скарб набыў, што для сябе збярог — згубіў».

Асноўны напрамак дзейнасці — прапаганда кнігі і краязнаўства. Формы правядзення масавых мерапрыемстваў разнастайныя: вечарыны-сустрэчы, вечарыны-партрэты, тэматычныя вечарыны, літаратурныя гадзіны, краязнаўчыя вандроўкі.

Члены аматарскага аб’яднання друкуюцца на старонках нашай «раёнкі», здымаюць відэафільмы аб родным краі.

Сумесна з супрацоўнікамі ЦБС выдадзена 11 зборнікаў вершаў удзельнікаў клуба. Апошнія з іх — зборнік «Верхнядзвінскі паўстанак» Ч. Петрашкевіч і «Между светом и тенью» — А. Мядзюты.

Вельмі цікава прайшло пасяджэнне клуба, прысвечанае жыццёваму і творчаму шляху мастака І. Хруцкага «Мастер натюрморта и портрета». Яркае, незабыўнае ўражанне ў прысутных выклікала выступленне загадчыцы мастацкага аддзялення школы мастацтваў Вольгі Нікалаевай, якое суправаджалася дэманстрацыяй слайдаў. Працягам мера-прыемства стала наведванне выставы эцюдаў праўнучкі І. Хруцкага Я. Маціеўскай у г. Полацку.

Народны клуб «Белыя вароны» пры Каханавіцкай бібліятэцы — гэта і маржаванне, і веласпорт, і прапаганда здаровага ладу жыцця, і вывучэнне роднага краю, і патрыятычнае выхаванне, і эстэтычнае. Праведзена шмат гутарак, лекцый аб мастацтве, створана багатая відэятэка, ёсць свой музей. І ўсё гэта дзякуючы кіраўніку клуба П. П. Квяцінскаму, сапраўды апантанаму чалавеку.

Пры Бігосаўскай і Боркавіцкай бібліятэках працуюць клубы для жанчын «Сябровачка». Тэмы пасяджэнняў яны вызначаюць самі і прыемна вабяць час за кубкам гарбаты.

«Архідэя»… Ужо шмат гадоў гэтая экзатычная кветка цвіце ў Дзёрнавічах. Кіраўнік клуба Д. П. Вароніч — біёлаг па спецыяльнасці, вельмі цікава ладзіць пасяджэнні, на якіх можна пачуць шмат новага пра кветкі. Гэта не толькі фларыстыка, а і лекі, і кулінарыя, і ўсялякія прысмакі, і кветкі-абярэгі.

Члены клуба «Аптыміст» (Валынцы) захапляюцца краязнаўствам і вышыванкамі, ад рука-дзелля яго членаў вачэй не адвесці. Клуб пастаянна ўдзельнічае ў раённых конкурсах і атрымлівае ўзнагароды.

Шмат добрых спраў на рахунку літаратурнай гасцёўні Асвей-скай бібліятэкі, дзіцячых гурткоў «Экоша» (дзіцячая бібліятэка), «Спадчына» (Прудзінкі), «Чамучкі» (Шайцерава), «Рукадзельніца» (Лявонішана). Для дзяцей работнікі бібліятэк ладзяць выставы-прагляды, гульні-падарожжы, інсцэніроўкі казак.

Пры бібліятэках-клубах плённа працуюць вакальныя групы: жаночая — у Чыстаполлі, мужчынская — у Сакалоўшчыне, дзіцячая — у Жыгулях.

Як паказвае час, аб’яднанні пры бібліятэках — дзейсная форма далучэння чытачоў да багатай духоўнай культуры. Шчыра віншую бібліятэкараў, усіх сяброў кнігі са святам, жадаю моцнага здароўя, творчых поспехаў.

16/09/2010



1 комментарий по теме “Наша духоўнае багацце

  1. Калісьці ў гэтую бібліятэку бегаў і я. Але беларускіх кніг нажаль там вельмі мала!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *