Квітней, мая вёска!

Культура

Пад такой назвай у мінулыя выхадныя прайшло свята вёсак Бароўка і Яніна Бялькоўшчынскага сельсавета

 

Гэта свята выйшла далёка за межы двароў і вуліц саміх вёсак — адзначала яго шмат гасцей. Ды і як інакш: прыгарадныя Бароўка і Яніна налічваюць амаль дзве тысячы жыхароў, менавіта тут размешчаны буйнейшыя раённыя прадпрыемствы і арганізацыі: масласырзавод, райаграсервіс, ДРБУ-143, ДБУ-4, хлеба-прыёмнае прадпрыемства, райпаліўзбыт, аптовыя склады райпо, райбальніца, Прыдзвінска-Бароўская СШ і Запруддзеўскі СДК, Свята-Еўфрасіньеўская царква. У Бароўцы знаходзіцца чыгуначная станцыя, праз яе ідзе аўтамагістраль, што робіць вёску яшчэ і «візітнай карткай» раёна для замежных гасцей. Таму свята Бароўкі і Яніна — гэта свята многіх людзей, якія маюць адносіны да ўмацавання і добраўпарадкавання буйнейшых населеных пунктаў. Удзел у мерапрыемстве прымалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў, кіраўнікі шэрагу аддзелаў і служб райвыканкама, прадпрыемстваў і сельвыканкамаў, і, зразумела, самі жыхары вёсак.

Пачалося свята з наведвання буйнейшых працоўных калектываў вёсак Яніна і Бароўка. Як адзначыла старшыня Бялькоўшчынскага сельскага Савета З. І. Хадаронак, менавіта на іх трымаецца дабрабыт вёскі. Прадпрыемствы даюць рабочыя месцы, сацыяльныя гарантыі, з’яўляюцца апорай сельскага Савета ў навядзенні парадку на зямлі і забеспячэнні шматлікіх жыццёвых патрэб. І самі з’яўляюцца прыкладам добраўпарадкавання. На тэрыторыі ДРБУ-143 госці ўбачылі прыгожы двор з арыгінальнымі драўлянымі формамі, упарадкаваную зону адпачынку, адрамантаваныя майстэрні. У адміністрацыйным будынку абсталявана трэнажорная зала. Заможны знешні выгляд — адлюстраванне належнага ходу вытворчых спраў у дарожнай арганізацыі, якую звыш 30 гадоў узначальвае вопытны кіраўнік У. А. Ціток. Тут працуюць 92 чалавекі, яны рамантуюць і абслугоўваюць 725 км аўтадарог, на балансе арганізацыі асфальта-бетонны завод, 2 кар’еры, звыш 60 адзінак тэхнікі. За год асвойваецца каля 8 млрд. рублёў пры рэнтабельнасці 7%. Сярэдняя зарплата перавышае 400 долараў.

Гэтак жа ўпэўнена адчувае сябе нават у складаных умовах рынку суседняя арганізацыя — ДБУ-4. Гасцей уразіў дзіўны фантан у двары арга-нізацыі — цяпер ён быў уключаны спецыяльна да свята, а летам пастаянна радуе жыхароў в. Яніна, таксама як і шматлікія кветнікі і газоны наўкол адміністрацыйнага і вытворчых будынкаў. Кіраўнік арганізацыі П. А. Стамянок адзначыў, што ДБУ-4 — адно з васьмі дарожных упраўленняў, якія захаваліся ў райцэнтрах вобласці. І гэта дае свае перавагі ў забеспячэнні людзей працай — ва ўпраўленні заняты 79 чалавек, і абслугоўванні дарог. Арганізацыя бярэцца за любыя работы — будаўніцтва, рамонт, добра-ўпарадкаванне не толькі дарог, але і вытворчых аб’ектаў. Плануе асвоіць сёлета 8 млрд. рублёў. У апошнія гады значна палепшыліся база і ўмовы працы людзей — адрамантаваны майстэрні, кацельня, абсталяваны бытавыя памяшканні з душавымі і пакоямі адпачынку, пабудавана новая АЗС. Неўзабаве плануецца адкрыць новы прамысловы кар’ер, дзе будуць вырабляцца свае будматэрыялы. Абсталёўваецца спартыўная зала. Ёсць міні-цяпліца, якая забяспечвае рассадай не толькі сваю арганізацыю, але і іншыя аб’екты сельсавета. Каб гэты куточак вёскі выглядаў прыгожа, плануецца перакрыць будынкі металачарапіцай.

Буйнейшае прадпрыемства Бароўкі — райаграсервіс, дзе гасцей сустракалі в. а. гендырэктара, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі І. І. Грынько і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Н. Р. Галавач. Яны расказалі аб 80-гадовай гісторыі арганізацыі, якая непарыўна звязана з жыццём роднай зямлі. Спачатку Дрысенская МТС з «Фардзонамі» і коннымі касілкамі, затым Сельгастэхніка з гусенічнымі трактарамі і, нарэшце, шматпрофільны райаграсервіс з сучаснай электроннай тэхнікай, — прадпрыемства заўсёды выконвала задачы па матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню сельскай гаспадаркі, рамонту і абслугоўванню машынна-трактарнага парку раёна. Сёння райаграсервіс, дзе працуе 392 чалавекі, выконвае шырокі спектр паслуг, мехатрад нарыхтоўвае чвэрць усёй кармавой базы раёна і з’яўляецца неаднаразовым пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак». Сёлета ў Лідзе мехатрад атрымаў прыз за трэцяе месца ў спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў.

Славіцца прадпрыемства сваімі ўмельцамі, якія з’яўляюцца аўтарамі прадукцыйных тэхнічных навінак. Машына «Дзвіна», напрыклад, здольная апрацоўваць за дзень 200 гектараў пасеваў, прычым лёгкія шыны не пакідаюць на полі каляін.

Адметна, што райаграсервіс з’яўляецца гарантам шматлікіх сацыяльных даброт не толькі для сваіх работнікаў, але і для жыхароў навакольных вёсак. У яго арсенале 2 фірменныя магазіны, сталовая, швейны цэх, цырульня, зубны і зубапратэзны кабінеты. Прадпрыемства арэндуе возера Асвейскае, рыбу з якога рэалізуе ў магазіне, мае свой пчальнік, падсобную гаспадарку.

Удзельнікі свята не маглі абыйсці ўсе прадпрыемствы, але іх прадукцыю паглядзелі на вялікай выставе, падрыхтаванай да дня вёскі. Асаблівае захапленне выклікаў дэгустацыйны стэнд масласырзавода, які з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў цвёрдых сычужных сыроў не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы.

З маркай «Ян-Сырароб» выпускаецца звыш 30 найменняў прадукцыі. Пасля ўвядзення новай закрытай вытворчасці сыроў атрыманы еўрапейскія сертыфікаты якасці, з якімі заводцы могуць дастойна канкурыраваць на сусветным рынку.

З інтарэсам агледзелі і пакаштавалі ўдзельнікі свята прадукцыю хлебазавода, райспажыўтаварыства, ацанілі экспазіцыі сельскіх Саветаў, выставу народных майстроў.

Калакольным перазвонам сустрэла гасцей Свята-Еўфрасіньеўская царква ў вёсцы Бароўка. Адноўлены будынак з прыгожым архітэктурна-ландшафтным дызайнам сведчыць аб добрых зменах у нашых вёсках, адраджэнні тут духоўнасці і культуры. Настаяцель храма айцец Уладзімір нагадаў, што гісторыя храма мае 170-гадовую гісторыю. Былі ў ёй часы заняпаду, ганенняў на рэлігію. Але навейшая гісторыя — гэта перыяд аднаўлення веры. Ён супаў са служэннем тут айца Уладзіміра Ляшкевіча, які прыняў прыход у 1999 годзе. Храм набыў новы выгляд: будынак адрамантаваны, з’явіўся трох’ярусны іканастас, створаны абразы для алтарнай часткі, набыты тры званы. У 2008 годзе майстар з Санкт-Пецярбурга падарыў царкве цудатворны абраз Прападобнай ігуменні Еўфрасінні. Вялікія работы праведзены па добраўпарадкаванню тэрыторыі.

Госці пабывалі ў нядзельнай школе, дзе вядуцца заняткі з дзецьмі, па-глядзелі выступленне выхаванцаў, пазнаёміліся з будоўляй, што працягваецца тут. Усе здабыткі царквы дасягнуты за кошт сродкаў вернікаў — айцец Уладзімір прадставіў фундатараў царквы з Расіі, Наваполацка, нашага раёна, якія актыўна дапамагаюць ёй. Пецярбуржац Сяргей Аляксеевіч адзначыў, што дапамагае храму як хрысціянін і чалавек, які з вялікай сімпатыяй адносіцца да палітыкі беларускай дзяржавы. Яна будуецца ў інтарэсах людзей. «Мне давялося хаваць бацьку ў вашых мясцінах, — расказаў Сяргей Аляксеевіч. — І пры арганізацыі пахавання з мяне ніхто не ўзяў хабару. У Расіі гэта было б неверагодна. Там усё будуецца на грошах».

 

Айцец Уладзімір бачыць будучыню вёскі ў адраджэнні духоўнасці

 

З дапамогай дабрачынцаў айцец Уладзімір збіраецца адрадзіць у вёсцы традыцыі паломніцтва, свайго роду, рэлігійнага турызму. Для гэтага запланавана стварыць праваслаўную сядзібу з гасцініцай, школай, падсобнай гаспадаркай, лазняй, прыгожым дваровым комплексам, дзе размесцяцца альтанкі, сажалка, кветнікі, сад. У царкоўны комплекс павінны ўвайсці бібліятэка, відэатэка і спартыўная секцыя для моладзі. Будучыню бараўчан айцец Уладзімір бачыць у адраджэнні духоўнасці — і гэта выдатная перспектыва развіцця вёскі.

Па традыцыі на свяце вёскі ўшаноўваюць яе жыхароў — людзей, якія імкнуцца праславіць свой населены пункт добрымі справамі. І на гэты раз на сцэну Запруддзеўскага СДК, дзе працягвалася свята, запрашалі лепшых гаспадароў, перадавікоў вытворчасці, ветэранаў вайны і працы, юбіляраў. Іх сардэчна віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў, старшыня сельвыканкама З. І. Хадаронак. Яны падкрэслілі, што на такіх людзях трымаецца наша зямля.

За сумленную працу на свяце адзначаны ветэраны вытворчасці масласырзавода В. М. Мядзюта і Н. В. Карашкевіч, райаграсервісу — І. І. Грынько і Д. А. Галавач, ДРБУ-143 — У. А. Ціток і В. Ф. Бужынская, ДБУ-4 — Ю. М. Шаеўка і А. І. Матуль, райспажыўтаварыства — А. І. Булаўская і Р. М. Багамолава.

Асобы паклон быў адрасаваны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Э. С. Кажамячанку, С. П. Ларыёнаву, А. І. Сяляўскаму, І. П. Пудаву, Ф. Я. Глацёнку, В. А. Міцкевічу, М. М. Шкеціку, А. С. Скумбіну. Адметна, што нягледзячы на ўзрост, ветэраны ахвотна прынялі ўдзел у свяце і ўвогуле не застаюцца ў баку ад агульных спраў.

У цэнтры кожнага свята вёскі — падвядзенне вынікаў конкурсу на лепшую сядзібу. У Бароўцы і Яніна шмат добрых гаспадароў. У падрыхтаваным да свята фільме гледачы ўбачылі цудоўныя сядзібы з прыгожымі газонамі і кветнікамі, маляўнічымі альтанкамі, сажалкамі, драўлянымі і каменнымі ўпрыгожваннямі, дзіўнымі архітэктурнымі формамі. Прыкметай сучаснай вёскі стала культура быту, без якой многія не ўяўляюць ужо свайго жыцця. Лепшымі ж сядзібамі прызнаны падвор’і гаспадароў Раісы Аляксандраўны і Іллі Аляксеевіча Сінкевічаў, Алены Эдмундаўны і Міхаіла Пятровіча Касапалікавых, Людмілы Вікенцьеўны і Антона Тадэвушавіча Тумашэвічаў, Аліны Віктараўны і Валерыя Аляксеевіча Чаленкаў, Анжэлікі Валер’еўны і Дзмітрыя Уладзіміравіча Сінкевічаў, Святланы Уладзіміраўны і Валерыя Васільевіча Міронавых, Людмілы Канстанцінаўны і Валерыя Андрэевіча Каралёвых, Зінаіды Іванаўны Аржаноўскай, Ліліі Іванаўны і Аляксандра Васільевіча Вашкевічаў, На-дзеі Міхайлаўны і Уладзіміра Уладзіміравіча Пірог, Аксаны Юр’еўны і Юрыя Мікалаевіча Шкецікаў, Веры Карлаўны Шлакуновай, Наталлі Мікалаеўны і Алега Ягоравіча Скрыпко. Усе пераможцы ўзнагароджаны прызамі.

Сімпатыю аднавяскоўцаў выклікаюць і працавітыя людзі, якія прызнаны пераможцамі ў намінацыі «Лепшая падсобная гаспадарка». Яны захоўваюць прывычны сялянскі ўклад жыцця, дзякуючы якому ў вёсцы чуваць мычанне кароў і спеў пеўнікаў, а дзяржава атрымлівае каштоўную прадукцыю з падсобных гаспадарак. Апладысментамі віталі прысутныя лепшых гаспадароў Ядвігу Фёдараўну і Міхаіла Робертавіча Лецкіх, Валянціну Іосіфаўну і Івана Іванавіча Рубашковых, Алену Фёдараўну і Сяргея Серафімавіча Вярыгаў.

Вёска найперш моцная сем’ямі, кожная з якіх з’яўляецца асновай знакамітага роду. На свяце віншавалі сямейных юбіляраў: Лілію Іванаўну і Аляксандра Васільевіча Вашкевічаў, якія адзначылі 40-годдзе сумеснага жыцця; Анастасію Цітаўну і Міхаіла Нікіфаравіча Сідарэнкавых, якія справілі «залатое вяселле», Ніну Іванаўну і Сяргея Пятровіча Ларыёнавых — яны пражылі ў згодзе 60 гадоў і адзначылі «брыльянтавы» юбілей.

Заслужаную павагу аднавяскоўцаў выклікаюць узорныя сем’і, дзе гадуюцца па 5 і больш дзяцей. Сярод такіх адзначаны сем’і Дзіны Серафімаўны і Эдуарда Вітальевіча Грыбоўскіх, Інэсы Янаўны і Васіля Серафімавіча Вярыгаў, Наталлі Вячаславаўны і Алега Вітальевіча Грыбоўскіх.

Віталі на свяце і самага малодшага жыхара Бароўкі — Паліну Ісакаву і яе бацькоў Ларысу і Яўгена. А таксама самага старэйшага — Рэгіну Рыгораўну Марачкоўскую, якая сёлета адзначыла стогадовы юбілей. Доўгажыхарка самастойна прыйшла на свята, сядзела ў зале і з задавальненнем прымала віншаванні ў свой адрас.

Ні адно свята ў вёсцы не абходзіц-ца без выставы майстроў народнай творчасці. І на гэты раз усе апладзіравалі таленту мясцовых умельцаў Святланы Петух, Аляксандра Лісоўскага, Аляксандра Варабей і Аксаны Сіняўскай. Асобна павіншавалі і аматараў здаровага ладу жыцця Юрыя Гіруцкага, Вольгу Баранаву, Івана Урбановіча і Таццяну Казак — яны паказваюць аднавяскоўцам прыклад таго, як захаваць здароўе і добрую фізічную форму.

Добры настрой і іскрамётныя песні дарылі ўдзельнікам свята ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Запруддзеўскага СДК: жаночы вакальны гурт «Натхненне», салісты Наталля Васіленка, Іна Гарбатава, Валянціна Мінчук, Таццяна Парамонава, Аляксандр Спірыдзёнак, Таццяна Казак, Наталля Ганчарова, Таццяна Літвінава, Анатоль Зяцькоў. А вядучыя Наталля Галавач і Таццяна Парамонава не шкадавалі добрых слоў у адрас дарагіх сэрцу людзей — аднавяскоўцаў.

Свята адзвінела песнямі і віншаваннямі, пакінуўшы ў душы добры след і стваральны настрой — каб і далей жыць у згодзе і працы, шанаваць заваёвы, імкнуцца да лепшага, рабіць сваю зямлю больш прыгожай, заможнай і шчаслівай.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.

Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

23/10/2010 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *