Ансамбль «Ярыца» з трыумфам вярнуўся нядаўна з Эстоніі, дзе выступаў на свяце мастацтваў, прысвечаным Дню народаў Эстоніі, якое адзначаецца па ўсёй краіне і традыцыйна пачынаецца ў шматнацыянальнай Нарве.
-Самадзейныя артысты з невялікага беларускага гарадка Верхнядзвінск уразілі, можна сказаць, прафесіянальным выканаўчым майстэрствам, артыстызмам і ярка выказаным у сцэнічных касцюмах нацыянальным каларытам. Прыгожыя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты бліскуча прадэманстравалі багатую самабытную культуру сваёй Радзімы, — так адазвалася аб нашай «Ярыцы» міністр культуры Эстоніі Лайне Янес і ўручыла кіраўніку дэлегацыі, мастацкаму кіраўніку РДК Наталлі Пацянкоўскай Падзяку Міністэрства культуры за ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню народаў Эстоніі. У горадзе Йыхві, куды «Ярыца» была запрошана ў складзе лепшых калектываў на фестываль «Котёл культур», верхнядзвінцы атрымалі Ганаровую грамату. Часовы Павераны ў справах Беларусі ў Эстоніі Станіслаў Венцэль, які быў ганаровым госцем свята, таксама ўручыў землякам Ганаровую грамату — за прапаганду нацыянальнага беларускага мастацтва. Бо мова мастацтва зразумела ўсім.
Па словах саміх артыстаў «Ярыцы», там яны адчувалі сябе не толькі прадстаўнікамі культуры Беларусі, але і жаданымі гасцямі, якіх чакалі і цёпла прымалі. Бо сустрэліся з даўнімі сябрамі з беларускага зямляцтва — членамі таварыства «Сябры», якое ўзяло на сябе клопаты па арганізацыі і фінансавай падтрымцы верхнядзвінскай дэлегацыі. Калектыў ансамбля зычыць землякам у Эстоніі шчырыя словы падзякі і прызнання, спадзяецца на новыя сустрэчы.
Пагранічная Верхнядзвіншчына заўсёды цесна супрацоўнічала з прыбалтыйскімі краінамі і Расіяй па наладжванню культурных сувязей. На працягу 12 гадоў у апошнюю нядзелю мая ў нашым горадзе праводзіцца дзіцячае рэгіянальнае свята мастацтваў «Двина-Дзвіна-Daugava», на якое збіраюцца юныя зорачкі сцэны краін-суседак. Сапраўдныя фестывалі сама-дзейнай народнай творчасці, як сёлета — у 65-гадовы юбілей святкавання Перамогі над фашысцкімі захопнікамі, ладзяцца на Кургане Дружбы, дзе збіраюцца ветэраны вайны, прадстаўнікі грамадскасці і моладзь з Беларусі, Расіі і Латвіі.
За мяжой наш раён дастойна прадстаўляюць 16 творчых калектываў, якія носяць званні «узорны» і «народны». Гэта з’ўляецца лепшым сведчаннем узроўню іх майстэрства. Летась народны клуб «Ветэран» РДК удзельнічаў у міжнародным фестывалі ветэранскіх калектываў «Добрая примета», які праходзіў у Себежы. Салісты ўзорнай эстраднай студыі «Жаваранскі» паспяхова выступілі на міжнародным конкурсе юных вакалістаў «Пою тебе, Россия!» у Вялікіх Луках, дзе самая юная наша ўдзельніца Дыяна Аўзіна атрымала пуцёўку на ўдзел у дзіцячым фестывалі «Первый аккорд» у Санкт-Пецярбургу і стала лаурэатам. Народны тэатр моды «Вобраз» Верхнядзвінскай ДШМ у трэці раз удастоены звання лаурэата міжнароднага фестывалю «MAX MODA» у Таліне.
У рамках Узгаднення аб культурным супрацоўніцтве Верхнядзвінскага раёна і муніцыпальнай адукацыі г. Дзеснагорска Смаленскай вобласці творчыя калектывы РДК «Лялькі», «Ярыца», «Праект» былі ганаровымі гасцямі на святкаванні Дня Расіі і Дня горада, розных фестываляў і конкурсаў. А вучні мастацкага аддзялення Верхнядзвінскай ДШМ удзельнічалі ў пленэры г. Дзеснагорска. Народны ансамбль «Дзвінскія напевы» з Балін бліскуча прадэманстраваў сваё майстэрства на міжнародным фальклорным фестывалі ў Пскове. Заявіў ужо аб сабе на міжнароднай сцэне і народны ансамбль «Гукі сэрца» Антонаўскага ДК.
Поспех нашых самадзейных арстыстаў на міжнароднай сцэне, зразумела, плён працы культработнікаў — таленавітых, ініцыятыўных, аддадзеных любімай справе. Ва ўстановах культуры раёна працуе звыш 200 чалавек, якія імкнуцца максімальна задаволіць патрэбы верхнядзвінцаў у культурным жыцці, знаходзяць і развіваюць юныя дараванні. У 146 клубных фарміраваннях рознымі відамі творчасці займаецца звыш двух тысяч ўдзельнікаў, палавіна з іх — дзеці. Толькі ў РДК дзейнічае 24 аматарскія калектывы, 7 з якіх з’яўляюцца ўзорнымі і народнымі.
Значная заслуга ў эстэтычным выхаванні дзяцей і моладзі, ды і дарослага насельніцтва раёна, належыць музею імя Чэрскага, Дому рамёстваў і школам мастацтва. Іх філіялы працуюць у Шайцераве, Каханавічах, Валынцах і Сар’і, а ў аграгарадках Шайцерава і Бігосава адкрыты філарманічныя пляцоўкі.
Шмат людзей прыходзяць ва ўстановы культуры, каб раскрыць свае таленты, потым парадаваць землякоў, гасцей Верхнядзвіншчыны і яе суседзяў. Практычна ў кожным калектыве побач з самадзейнымі артыстамі знаходзяцца культработнікі, якія з’яўляюцца салістамі і адначасова выступаюць у ролі музыкантаў, мастацкіх кіраўнікоў, сцэнарыстаў, касцюмераў — і ўсё атрымліваецца як найлепш. І самае галоўнае — поўніцца крыніца культурнага жыцця, з якой чэрпаецца натхненне і добры настрой.
Напярэдадні прафесійнага свята віншуем работнікаў устаноў культуры раёна, жадаем новых творчых поспехаў. Словы павагі і ўдзячнасці зычаць верхнядзвінцы ветэранам культуры, якія шмат гадоў аддалі яе развіццю: Яўгеніі Іванаўне Новікавай, Васілю Васільевічу і Раісе Васільеўне Казловым, Тамары Мікалаеўне Гендзік, Раісе Міхайлаўне Лагун, Розе Пятроўне Гасюль, Таісе Фёдараўне Мятлюк, усім, хто ствараў і стварае нам святы жыцця.
Л. ФЁДАРАВА.
14/10/2010