Напярэдадні любімага ў народзе свята Маці супрацоўнікі аддзела ЗАГС па традыцыі наведалі радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, каб павіншаваць жанчын, якія якраз у гэты час сталі матулямі.
Віншаванні прымалі Святлана Швед, у якой толькі што нарадзіўся хлопчык, Надзея Быкава і Алена Вікенцьева з нованароджанымі дачушкамі. Супрацоўнікі аддзела ЗАГС Р. А. Лынько і В. І. Крыштопенка ўручылі маладым маці сувеніры, якія перадаў ім вядомы пчаляр раёна Вацлаў Якаўлевіч Сяргушка. Прыемна, што віншаваць у раддоме заўсёды ёсць каго: дзяцей у раёне нараджаецца ўсё больш. З пачатку года на свет з’явілася 192 немаўляці, што на 3 больш, чым летась. Значыць, стаць маці ў нас — прэстыжна і ганарова.
А яшчэ важней дастойна пранесці гэта ганаровае званне праз усё жыццё. На жаль, ёсць у нас і дзеці — сацыяльныя сіроты, бацькі якіх не выконваюць свае абавязкі. Матулямі для іх сталі жанчыны, якія сабралі дзяцей у сямейныя дамы. Супрацоўнікі ЗАГСа наведалі дамы сямейнага тыпу Зоі Дзмітрыеўны Марачкоўскай і Ларысы Станіславаўны Шубінай, павіншавалі іх з Днём маці, падарылі мёд і яблыкі ад В. Я. Сяргушкі. Гаспадыні вялікіх сем’яў шчыра дзякавалі — гэта якраз тое, што неабходна малым у «прастудную пару». А яшчэ ім заўсёды патрэбна мацярынская любоў — вялікі дар, які мацней за ўсе пачуцці на свеце.
С. ДЗВІНСКАЯ.