Цвярозасць павiнна стаць нормай жыцця

Человек Общество Закон

Абмеркаванне пытання аб ходзе рэалізацыі ў раёне мерапрыемстваў па выкананню дзяржаўнай Праграмы па папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму на 2006-2010 гады на нядаўнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ішло востра і зацікаўлена.

Праблема п’янства ў грамадстве надзвычай балючая — гэта ганебная з’ява падрывае ўсе жыццёвыя асновы, калечыць лёсы, разбурае сем’і, робіць няшчаснымі многіх людзей. Аб гэтым сведчылі і відэакадры , знятыя супрацоўнікамі міліцыі напярэдадні пасяджэння. Брудныя, запушчаныя кватэры п’яніц, якія страцілі чалавечае аблічча, горы бутэлек, недагледжаныя дзеці, маладая маці з кілішкам , а побач няшчасны малы — гэта рэаліі сённяшняга жыцця.

В. а. начальніка міліцыі І. У. Маслякоў адзначыў, што п’янства непасрэдна ўздзейнічае на крымінагенную абстаноўку. 36 злачынстваў у раёне ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. І хаця ўдзельная вага іх у агульнай колькасці ў параўнанні з мінулым годам зменшылася, менавіта гэтыя злачынствы з’яўляюцца самымі цяжкімі: забойствы, цяжкія цялесныя пашкоджанні, крадзяжы. За кіраванне транспартам у нецвярозым стане сёлета затрымана звыш 100 вадзіцеляў.

Алкаголь стаў прамой прычынай смерці пяці чалавек, якія прынялі несумяшчальную з жыццём дозу спіртнога. Ён паўплываў на ўзнікненне пажараў — яшчэ пяць чалавек за-гінула ў агні, знаходзячыся ў нецвярозым стане. З-за п’янства здараюцца траўмы і гібель людзей на вытворчасці, якія адзначаліся ў папярэднія гады. З пачатку гэтага года на рабочых месцах выяўлена 20 чалавек, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Непакояць факты ўжывання алкаголю непаўналетнімі асобамі — сёлета адзначана 19 выпадкаў знаходжання падлеткаў у нецвярозым стане. Знайшліся двое несумленных прадаўцоў, якія прадалі спіртныя напіткі дзецям. Яшчэ адна трывожная тэндэнцыя — пашырэнне п’янства сярод пен-сіянераў. У ліку загінуўшых ад алкаголю трое — людзі пажылога ўзросту.

Расце колькасць асоб, якія ставяцца на ўлік да ўрача-нарколага — сёлета такіх 63 чалавекі, сярод іх 4 — непаўналетнія. Усяго на ўліку 605 асоб, якія з’яўляюцца залежнымі ад алкаголю, з іх 141 жанчына і 22 падлеткі. Штогод амбулаторна пралечваецца ад алкаголю каля 100 чалавек, 10-15 — на стацыянары.

А колькі шкоды прыносіць алкаголь здароўю людзей і бюджэту дзяржавы, якую ніхто не падлічвае і не кампенсуе. Аб гэтым гаварыў на пасяджэнні галоўны ўрач раёна В. У. Галяковіч. За 9 месяцаў у прыёмны пакой бальніцы ўсяго паступіла 3890 чалавек, з іх 10% — у стане алкагольнага ап’янення. Сярод 254 траўміраваных 68 атрымалі калецтвы з-за алкагольнага ап’янення. Прыкладна 9,7% ад усіх выклікаў «хуткай дапамогі» прыходзіцца на выратаванне «алкагольных» пацыентаў. Толькі супрацоўнікамі міліцыі на медыцынскае засведчанне дастаўлена звыш тысячы чалавек. Колькі часу губляюць медыкі на п’яных асоб, адымаючы яго ад сапраўды хворых людзей. А хто задумваецца аб тым, як алкаголь спадарожнічае агульнаму росту захворваемасці і смяротнасці? Напрыклад, на першым месцы ў раёне — смяротнасць ад парушэнняў сістэмы крывазвароту. Між тым з 17 ахвяр 10 пакутвалі алкагалізмам. З 14 смерцяў ад хвароб стрававальнага апарату 10 — з-за цырозу печані, «нажытага» ад спіртнога. З 38 пацыентаў, якія назіраліся ў фтызіятра, усе памерлыя — алкаголікі, у тым ліку двое — ВІЧ-інфіцыраваных. 10 пацыентаў сталі ахвярамі цяжкага алкагольнага псіхозу. І гэта, у асноўным, людзі працаздольнага ўзросту. Па прыкладных падліках, толькі за паўгода на медыцынскую дапамогу пацыентам, якія трапілі ў бальніцы з прычыны алкагалізму, затрачана 100 млн рублёў.

Ніякімі грашыма не вымераць шкоду, якая наносіцца з-за п’янства сем’ям. Сакратар камісіі па справах непаўналетніх Т. В. Сявалкіна адзначыла, што ў раёне налічваецца 167 неблаганадзейных сем’яў, у якіх у сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 137 дзяцей. Прычым колькасць такіх сем’яў павялічваецца, а бацькоў, якія здолелі пераадолець загану і вярнуць дзецям нармальныя ўмовы жыцця, — адзінкі.

Нямала праблем, звязаных з п’янствам падлеткаў, даводзіцца вырашаць калектыву Боркавіцкага ДПЛ, аб чым гаварыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара І. Я. Конан. Не сакрэт, што на вучобу сюды прыходзяць як моцныя і працавітыя рабяты, так і тыя, каму «няма куды дзецца». Сёлета на першы курс прыняты дзеці, з якіх амаль чвэрць стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Менавіта на гэтых праблемных рабят прыпадаюць правапарушэнні і ўцёкі з вучобы. За 9 месяцаў п’янымі падлеткамі ўчынена 15 проціпраўных дзеянняў.

Прадметам сур’ёзнай увагі на пасяджэнні стаў аналіз работы ўсіх структур па пераадоленню ў раёне п’янства і алкагалізму. Адзначана, што сумеснымі намаганнямі дасягнуты пэўныя вынікі. Сфарміраваны і рэгулярна папаўняецца адзіны банк даных аб сем’ях у сацыяльна-небяспечным становішчы і непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. У навучальных установах раёна праводзяцца сустрэчы школьнікаў і бацькоў з прадстаўнікамі ІСН, урачамі ЦРБ, настаўнікамі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Актывізавана дзейнасць па асвятленню ў СМІ пытанняў папярэджання алкагольнай залежнасці.

Арганізоўваюцца сумесныя рэйды супрацоўнікаў міліцыі і нарколага па выяўленні п’яных за рулём. Пашыраецца кантроль за выездамі ў рэйсы вадзіцеляў у працоўных калектывах. У выніку колькасць асоб, якія кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане, зменшылася на 40%.

Работнікамі РАУС за 9 месяцаў канфіскавана і знішчана 6,4 тоны фальсіфікаваных спіртных напіткаў, самагону і брагі, выяўлены і ліквідаваны 2 міні-заводы па вырабу спіртаўтрымліваючай вадкасці. У ЛПП накіраваны 24 асобы, якія злоўжывалі спіртным. У раёне працуе псіхіятр-нарколаг, праводзяцца сеансы лячэння ад алкагалізму, дзейнічаюць «тэлефон даверу» і «прамыя лініі» па дапамозе людзям, залежным ад алкаголю. Праводзяцца рэйды па месцах адпачынку моладзі, падворны абход неблаганадзейных сем’яў.

І ўсё ж у справе барацьбы з п’янствам і алкагалізмам шмат рэзерваў і магчымасцей. На многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях работа саветаў прафілактыкі носіць фармальны характар. Кіраўнікі не заўсёды надаюць належную ўвагу выкараненню п’янства ў калектывах — колькасць устаноўленых фактаў знаходжання работнікаў на працоўных месцах у нецвярозым стане яўна заніжана. Трэба больш жорстка пытаць з асоб, якія ўцягваюць падлеткаў у п’янства — гаспадароў гандлёвых кропак, дзе здарыліся такія факты, пазбаўляць ліцэнзіі. На пасяджэнні адзначалася, што ў асобных сельскіх Саветах, Боркавіцкім ДПЛ не хапае супрацоўніцтва з участковымі. Разам з выхаваўчымі варта больш рашуча прымяняць забараняльныя меры. Тыя ж дні цвярозасці, што праводзіліся падчас масавых гулянняў і святаў, далі адчувальны эфект — у гэтыя дні не было ні злачынстваў, ні «п’яных» выклікаў «хуткай дапамогі», ні траўмаў, ні боек у сем’ях.

Вырашана накіраваць работу па барацьбе з п’янствам у агульнае стваральнае русла, каб усе цвярозадумаючыя грамадзяне і структуры былі заадно ў пераадоленні сацыяльнага зла. Прадугледжана арга-нізоўваць для прадстаўнікоў саветаў грамадскіх пунктаў, саветаў прафілактыкі семінары па павышэнні эфектыўнасці работы. У даступных месцах з’явяцца стэнды з інфармацыяй аб шкодзе п’янства і згубным яго ўздзеянні на чалавека. Неабходна стварыць сацыяльныя ролікі на тэму прафілактыкі злачынстваў і алкагалізму, праводзіць тэматычныя дыскатэкі сярод моладзі, актывізаваць прапаганду цвярозага ладу жыцця з арганізацыяй дзён цвярозасці, пастаянна інфармаваць насельніцтва аб згубным уздзеянні алкаголю на арганізм і жыццё чалавека, устанавіць відэаназіранні ў месцах масавага знаходжання людзей.

Галоўнае ж, трэба ствараць у грамадстве абстаноўку нецярпімасці да п’янства, з маленства фарміраваць людзей новага здаровага светапогляду. Цвярозасць павінна стаць нормай жыцця — гэта адзін з важнейшых накірункаў нашай агульнай работы.

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.

06/11/2010 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *