Днямі адбылася чарговая «прамая тэлефонная лінія» старшыні раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіча з насельніцтвам раёна.
Традыцыйныя «прамыя лініі», калі любы жыхар раёна можа напрамую задаць хвалюючае пытанне старшыні райвыканкама, старшыні раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікам асобных службаў, сталі папулярнымі і чакаемымі ў народзе. Аб гэтым гаворыць рост колькасці тэлефанаванняў. Хаця штомесяц паступае нямала званкоў, якія аператыўна разглядаюцца, жыхары раёна не губляюць актыўнасці. Жыццё ідзе наперад, і заўсёды знойдзецца праблема, якой хочацца падзяліцца. На гэты раз на «ПЛ» пазваніла 15 чалавек. Адразу заўважым, што шэраг зваротаў былі б вырашаны непасрэдна службамі, куды папярэдне маглі звярнуцца заявіцелі. Напрыклад, растлумачыць парадак пастаноўкі на чаргу для атрымання жылля або прыняць заказ на патрэбны тавар у стане адпаведныя арганізацыі. Але старшыня райвыканкама і іншыя ўдзельнікі «ПЛ» бралі на сябе ўсе пытанні — людзі вераць уладзе і непасрэдна звяртаюцца ў вышэйшую інстанцыю ў раёне, давер трэба апраўдаць. Тым больш, што яднанне з народам дазваляе зрабіць вывады, дзе трэба спытаць з кіраўнікоў за работу з людзьмі і патрабаваць лепш працаваць.
Асноўная праблема, якая хвалюе верхнядзвінцаў, выклікана анамальным надвор’ем — моцнымі ападкамі. Гэтай тэме былі прысвечаны пяць тэлефанаванняў. Жыхароў раёна непакоіць ачыстка ад снегу ўласных падвор’яў і пад’ездаў да дамоў у райцэнтры, вуліц вёсак Садкоўшчына, Відокі, Буракова. Кіраўнік раёна даў даручэнне тэрмінова правесці ачыстку ўказаных участкаў і ўвогуле — актывізаваць барацьбу са снегам. Расчысткай дарог і вывазкай снегу сёння займаюцца не толькі камунгас і дарожныя арганізацыі, у гэтай важнай справе актыўна ўдзельнічаюць сельгаспрадпрыемствы, іншыя суб’екты гаспадарання, самі жыхары раёна. У цэлым стыхія не перашкодзіла жыццядзейнасці раёна, пастаўлена задача аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян па расчыстцы дарог, рабоце абслугоўваючых службаў.
На «ПЛ» былі выказаны прэтэнзіі па рабоце платнай гарадской аўтастаянкі — на погляд апанента, кошт паслуг не адпавядае іх якасці. Тэрміновага рэагавання патрабуе праблема гандлёвага абслугоўвання жыхароў вёскі Лявонішана. У вялікім населеным пункце магазін два дні на тыдзень закрыты на выхадныя, бо тут працуе адзін прадавец. Рад пытанняў датычылі забеспячэння вадой: жыхары прыватнага дома па вуліцы Савецкай райцэнтра хацелі б мець водаправод, гаспадароў з Сонечнай вуліцы хвалюе праблема частага адключэння вады на ўчастку горада, які прылягае да воданапорнай вежы, паступіў званок і аб неабходнасці водазабеспячэння новабудоўлі ў в. Яніна. Былі іншыя тэлефанаванні асабістага характару.
Жыхароў аднаго з інтэрнатаў у мікрараёне непакояць вялікія сумы плацяжоў за электраэнергію, якія даводзіцца ўносіць па паказаннях агульных лічыльнікаў. Гаспадар з в. Чыстаполле ўзняў праблему забеспячэння дрывамі — уладальнікі прыватных дамоў хацелі б набываць так званыя абрэзкі ў лясгасе або на заводзе сталярных вырабаў, але гандаль імі там не вядзецца. Аб сваіх бытавых патрэбах на «ПЛ» паведаміў інвалід дзя-цінства з в. Відокі.
Відавочна, прамая сувязь з уладай дае людзям адчувальную карысць. Кіраўнік раёна ўважліва выслухаў усіх, хто пазваніў на «ПЛ», і даў канкрэтныя даручэнні па станоўчаму разгляду заўваг і просьбаў. І. І. Марковіч звярнуў увагу кіраўнікоў служб на неабходнасць своечасова рэагаваць на патрэбы людзей, імкнуцца працаваць так, каб папярэдзіць праблемныя пытанні.
На ўсе звароты аўтары тэлефанаванняў атрымаюць пісьмовыя адказы.