Іх майстэрству трэба павучыцца

Жизнь сельских Советов

Штогод раённы конкурс па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы выяўляе лепшых ветработнікаў. Сёлета ён праходзіў на базе ААТ «Антонава-Агра».

Удзел у конкурсе прынялі майстры з ААТ «Прудзінкі», «Антонава-Агра», СП «Асвейскі», «Верхнядзвінскі», СВК «Вужыца», райплемстанцыі — усяго 10 высокакласных спецыялістаў. У прафесіяналізме спаборнічалі Ірына Пірог, Тамара Пісарэнка, Іван Пятрычыц, Святлана Кузняцова, Любоў Скроб, Аляксей Гарбуль, Надзея Камлёва, Лілія Цалпан, Сяргей Судакоў, Таццяна Яскевіч.

Традыцыйна тэхнікі-асемянатары паказвалі тэхналогію адтайвання спермы, працэс асемянення, а таксама тэарэтычныя веды. У конкурсе ўлічваліся і знешні выгляд канкурсанта (спецадзенне), і наяўнасць санітарнай кніжкі.

Вызначыць лепшых судзейскай камісіі было нялёгка — усе спецыялісты паказалі бездакорныя веды ў сваёй справе, амаль не дапускалі памылак.

Вопытнае журы, у якое ўваходзілі намеснік начальніка па жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама З. М. Палавая, галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці А. Р. Сівіцкая, дырэктар райплемстанцыі У. Г. Путро, вядучы заатэхнік райплемстанцыі Г. Г. Рымша, ветурач-гінеколаг райветстанцыі Л. П. Пашкоўскі, галоўны заатэхнік райплемстанцыі Н. А. Філіпенка пасля гарачых дыскусій вызначылі пераможцу.

У гэтым годзе ім стаў вопытны ветурач-гінеколаг, асемянатар Сяргей Вітальевіч Судакоў з ААТ «Шайцерава», які набраў 98,4 бала. Другое месца заняў галоўны ветурач СП «Верхнядзвінскі» Аляксей Валер’евіч Гарбуль, які адстаў ад яго ўсяго на 0,2 бала. Трэцяе месца — у карыфея сваёй справы з СВК «Вужыца» Любові Аляксееўны Скроб (97,5 бала). Пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, удзельнікі конкурсу — памятнымі сувенірамі.

Конкурс не толькі выявіў мацнейшых, але і дазволіў ацаніць работу кожнага, абмяняцца вопытам. Падчас яго правядзення спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання акрэслены шэраг задач, якія стаяць сёння перад жывёлаводамі раёна.

Ксенія ЯРАШЭВІЧ.

10/07/2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *