Ёсць першы тысячнік!

Общество

Камбайнер ААТ «Прудзінкі» Уладзімір Лапкоўскі першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа.

З гэтай падзеяй шчыра павіншавалі яго кіраўнік раёна Ігар Марковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй і дырэктар сельгаспрад-прыемства Васіль Краснік.

Хлебаробаў (Уладзімір Міхайлавіч працуе з маладым памочнікам Яраславам Рычыкам) ушаноўвалі прама ў полі — працоўны дзень быў у самым разгары, да таго ж, Уладзімір Міхайлавіч задумаў пабіць свой асабісты рэкорд і ўбраць на «New Holland» 220 тон зерня за дзень (мінулы рэкорд — 216 тон).

Ігар Іванавіч уручыў камбайнеру Падзячнае пісьмо райвыканкама, пажадаў здароўя і дабрабыту, працоўных перамог. Чырвоную стужку лідара павязала Алена Зуй, якая разам з Васілём Краснікам уручыла падарункі.

Хоць першая тысяча ўжо ў засеках і дзяржзаказ выкананы, жніво яшчэ ў самым разгары. Убраны ячмень і азімае трыцікале, на палях засталося 440 гектараў пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы складае 40,8 ц/га, а месцамі перавышае 50 цэнтнераў.

Дарэчы, дзяржзаказ гаспадарка перавыканала амаль удвая: з даведзеных 880 тон пшаніцы здадзена каля 1,5 тысячы тон.

Хлеб з палёў ідзе добры — ён сёлета выспеў, вільготнасць у 16-20% амаль не патрабуе дапрацоўкі.

ААТ «Прудзінкі» спецыялізуецца на вырошчванні «эліты», якой запланавалі закласці 700-800 тон (азімыя пшаніца гатункаў «Капылянка» і «Сюіта», трыцікале «Мадэрата»). На патрэбы жывёлагадоўлі вырашана пакінуць 3 тысячы тон зерня.

У гаспадарцы запэўнілі, што з уборкай зерневай групы справяцца за некалькі дзён (на сённяшні дзень убрана звыш 70% плошчаў). На чарзе — яравы рапс, які ўжо даспявае. У гэтым плане пашанцавала: уборка будзе ісці паслядоўна, аптымальнымі тэмпамі, без дадатковых нагрузак.

На палях 8 высокапрадукцыйных камбайнаў.Зладжана працуюць экіпажы (камбайнер — памочнік) Уладзімір Лапкоўскі — Яраслаў Рычык, Сяргей Гапановіч — Аляксей Пілюшын, Анатоль Лапкоўскі — Віктар Маханько, Пётр Астапковіч — Аляксей Пацёмкін, Юрый Бароха — Віталь Бароха, Алег Жойдзь -Аляксей Лапкоўскі.

На адвозцы таксама вызначыўся перадавік — малады вадзіцель Леанід Іваноў (у мінулым годзе хлопец заняў першае месца на «Дажынках»), які перавёз звыш тысячы тон збожжа. Не адстаюць ад яго Аляксандр Кадушка, Сяргей Даніловіч, Мікалай Сяткоўскі.

Кругласутачна працуюць чатыры сушылкі — «лідская», дзве польскія М-819 — на пячным паліве і адна 10-тонная — на дровах. Іх магутнасцяў хапае на вялікае збожжа — у дзень працаўнікі адгружаюць сюды па 700-750 тон хлеба. З імі па-майстэрску ўпраўляюцца аператары Аляксандр Папковіч, цёзкі Мікалай Булаўскі і Мікалай Булаўскі, Генадзь Краснік, Уладзімір Рудніцкі.

Ксенія ЯРАШЭВІЧ.

Фота: І. І. Марковіч, У. М. Лапкоўскі, Я. М. Рычык, А. У. Зуй і В. А. Краснік (злева направа).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *