Лён і ўраджайны, і якасны

Общество

Упершыню за апошняе дзесяцігоддзе ўраджайнасць ільну ў раёне дасягае 4 тон трасты з гектара пры сярэднім нумары 1,22.
Сапраўды, такога густага, рослага, чыстага і якаснага даўгунцу, які выспеў сёлета, не памятаюць нават старажылы раслінаводчай галіны. Усяго ў раёне пасеяна 1100 гектараў ільну, 500 з якіх прыхо-дзіцца на долю льнозавода, астатнія — у СВК «Антонава-Агра», «Прудзінкі», КУВСП «Боркавічы» і «Каханавічы». Займаюцца «блакітнавокай культурай» толькі вопытныя земляробы. Лён патрабуе спецыяльных ведаў, карпатлівага догляду, захоўвання асобых тэхналогій сяўбы і ўборкі. Менавіта па гэтай прычыне значную частку плошчаў адвялі заводскім спецыялістам, якія прафесійна працуюць з даўгунцом. Яны ж дапамагаюць сельскім гаспадаркам на ўсіх этапах работы з культурай.
Як расказалі на льнозаводе, добры ўраджай і атрыманы дзякуючы правільнаму вырошчванню даўгунцу. Сеялі яго толькі высокаўраджайнымі гатункамі «Алі-зэ», «Пралеска» і «Блакіт». Тэхналагічна апрацавалі глебу, угноілі, вытрымалі лепшыя тэрміны ўнясення гліфасатаў. Паспрыяла і надвор’е — «не спадабалася» ільну хіба веснавая засуха, летнія ж месяцы былі ідэальнымі для росту і выспявання культуры. Лён своечасова выцерабілі, вытрымалі на вылежцы — ён мае той характэрны светла-шэры колер, які сведчыць аб гатоўнасці да перапрацоўкі.
Цяпер галоўная задача — убраць «паўночны шоўк» у спрыяльныя тэрміны. Працуюць земляробы напружана: з досвітку да цямна. На льнозаводскіх палетках занята сваё механізаванае звяно. Механізатары Дзмітрый Падольскі, Дзмітрый Харольскі, Міхаіл Галавач, Расціслаў Міхайловіч, Аляксандр Філіпенка ўмеюць выконваць усе прыёмы — ад апрацоўкі глебы да ўборкі. У арсенале звяна новая сучасная тэх-ніка, у тым ліку дзве прадукцыйныя церабілкі ТСЛ-4,2, апырсквальнікі, варушылкі. У спрыяльныя дні на завод паступае да 300 тон трасты. Убрана ўжо звыш паловы плошчаў. Калі надвор’е не падвядзе, уборка льну будзе завершана да 20 верасня. Пры гэтым ільнаводы пастараюцца справіцца з ёй сваімі сіламі, без масавага прыцягнення да работ у полі гараджан. Як расказала малады аграном прадпрыемства Надзея Алегаўна Мядзведзева, якая нядаўна перайшла працаваць сюды з КУВСП «Лявонішана», сёлета ўдалося атрымаць як ніколі высокі ўраджай насення льну. Валавы збор складае 200 тон. Гэта насенне тых самых элітных гатункаў, якія даюць ураджайны і якасны даўгунец. Яго хопіць на сяўбу і заводу, і ўсім ільнаводчым гаспадаркам.
Дарэчы, заводцы заклапочаны нарыхтоўкай ільносыравіны не толькі са сваіх участкаў, але і з сельгаспрадпрыемстваў. У кожную свабодную хвіліну дапамагаюць ім убіраць і звозіць лён з палёў. Усяго на льнозаводзе плануюць назапасіць не менш 3 тысяч тон льносыравіны — амаль на тысячу больш мінулагодняга. І гэты інтарэс апраўданы. Попыт на льновалакно надзвычай высокі. Увесь лён ідзе ў лік дзяржзаказу — адразу ж адгружаецца Аршанскаму льнокамбінату. Запасаў на льнозаводскіх складах няма — сёння тканіна і вырабы з «беларускага шоўку» на рынку нарасхват.
Але перш чым ператварыцца ў каштоўную прадукцыю, з даўгунцу на заводзе трэба зрабіць якаснае валакно. Запасаў, якія тут мяркуюць стварыць, хопіць на двухзменную работу прадпрыемства на працягу цэлага года. Задавальняе і якасць. З палеткаў завода лён паступае нумарам 1,28, з сельскагаспадарчых — 1,22. Асабліва добрая траста ў «Антонава-Агра» і «Боркавічах».
На заводзе ўсё падрыхтавана для таго, каб прыняць і захаваць багаты ўраджай. Лабарант Наталля Васільева карпатліва правярае вільготнасць і чысціню сыравіны.
Адрамантаваны павеці, дзе з дапамогай «Амкадора-527» рулоны складзіруюцца на 6-метровую вышыню.
-Укладваць іх можам да 7 радоў, — расказваюць механізатар Міхаіл Мацур і механік Юрый Галавач, якія працуюць на разгрузцы льну. — Але, відаць, увесь ураджай пад дах не змесціцца. Рэшткі будуць захоўвацца ў скірдах, для якіх закуплена плёнка.
Выгляд велізарных сховішчаў ільну ўражвае. Раз-пораз сюды падыходзяць гружаныя трактары. На кожным — да 30 рулонаў ільну. Перавозка ўраджаю сёння — важнейшая задача. Акрамя сваіх механізатараў, на гэтым участку заняты шэфы — вадзіцель раённага ВВК Б. Аніська і райпо — М. Навіцкі. Людзі працуюць напружана — восень падарыла пагодлівыя дзянькі, і трэба зрабіць усё магчымае, каб спаўна ўзяць багаты ўраджай.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *