ААТ «Баліны» першым у раёне перавяло статак на зімова-стойлавае ўтрыманне.
Каб жывёла камфортна перанесла ўмовы зімы і пры гэтым не страціла «малако», у гаспадарцы прыклалі неямала намаганняў — як самі жывёлаводы, так і памочнікі. Сёлета з дэзінфекцыяй памяшканняў хутка справіліся разам з ветлячэб-ніцай. На малочна-таварным комплексе «Баліны» замянілі дах новым шыферам. У афарбоўцы абсталявання як ніколі спатрэбілася дапамога вучняў 11-х класаў Бігосаўскай СШ А. Рыбічонка, К. Русецкага, С. Грыгор’ева. Купілі новы халадзільнік — цяпер такім абсталяваннем канчаткова ўкамплектаваны ўсе фермы. МТФ «Марозы» абслугоўваюць 6 асноўных даярак і 2 зменныя. Добрасумленна працуюць аператары Алена Тварановіч і Вольга Карманава. На зімоўку сюды пераведзены два гурты колькасцю 154 і 172 галавы кожны. Вялікая нагрузка прыходзіцца на аператараў МТФ «Баліны», дзе ўтрымліваецца большая частка пагалоўя БРЖ. Цяжкая праца кладзецца на плечы Святланы Пятровай, Таццяны Панізнік, Іны Белавус, Алены Баравой, Рэгіны Ляховіч, Ганны Пракоф’евай, Наталлі Грыгор’евай. На зімоўку пераведзены ўжо два гурты па 213 і 232 галавы. І ў пашавы перыяд, і зімой надзейны памочнік аператараў — механізатар Віктар Купрыенка. Ён заўсёды дапамагае жанчынам ва ўсім: і цёплай вады падасць, і цяжкія бітоны паднясе. Зараз механізатар задзейнічаны на адвозцы арганікі. — Усяго ж у гаспадарцы налічваецца 1958 кароў, 609 з якіх — дойны статак, — расказвае галоўны заатэхнік Ларыса Вікенцьева. -Да зімоўкі завезлі подсцілку са здробненай саломы, зрабілі сартыроўку жывёлы па фізіялагічным стане, прадумалі рацыёны кармлення. Рагулі атрымліваюць усе неабходныя канцэнтраты, на кармавым стале — камбікорм, шроты, сянаж, зялёная маса з кукурузы. Прымяняем на працягу года і трохразовую дойку. За 8 месяцаў бягучага года атрымалі 2414 тон малака, сярэдні ўдой — 3265 кілагарамаў на карову. На масласырзавод здадзена з пачатку года 2131 тона сыравіны таварнасцю 88%. — Вышэйшым гатункам атрымліваем 84% малака, — працягвае размову Ларыса Леанідаўна, — астатняе — «экстра». Распрацоўваем мерапрыемствы, каб у будучым атрымліваць «экстра» цэлы год.
Ксенія ЯРАШЭВІЧ.