Сапраўднае свята — чацвёрты фестываль народнай творчасці «Збіраем зорны карагод», сабраў аднадумцаў і прыхільнікаў беларускай музыкі і песні ў Валынецкім СДК.
Вакальныя калектывы «Сенькавіца» Сенькаўскага СК, «Калінушка» Шайцераўскага СДК, «Гукі сэрца» Антонаўскага СДК, «Спадчына» Валынецкага СДК, а таксама госці фестывалю — народны вакальны ансамбль «Белая чайка» Азінскага СДК Полацкага раёна парадавалі гледачоў фальклорнымі народнымі матывамі і сучаснымі беларускімі песнямі. У выкананні ўдзельнікаў фестывалю гучалі таксама беларускія народныя песні ў апрацоўцы вядомых музыкантаў Льва Новікава і Віктара Малых. На фестывалі прысутнічалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Віктараўна Сыраватнікава і метадыст раённага Дома культуры Ірына Уладзіміраўна Пастушэнка. Вядучыя праграмы, настаўніца Валынецкай СШ Вольга Кутузава і студэнт Наваполацкага Дзяржаўнага музычнага каледжа Павел Юхновіч — паказалі гледачам выдатную эрудыцыю і сапраўднае валоданне беларускай мовай. Са сцэны гучалі вершы як класікаў беларускай літаратуры, так і нашага земляка паэта Антона Францавіча Бубалы. Усе калектывы прадэманстравалі сваё майстэрства на самым высокім прафесійным узроўні і падарылі гледачам часцінку душы. Была арганізавана выстава Верхнядзвінскага Дома рамёстваў, працавалі атракцыёны для дзяцей. Культработнікі выказваюць шчырую ўдзячнасць дырэктару ААТ «Прудзінкі» Васілю Аляксеевічу Красніку за фінансавую падтрымку фестываля.
Наш кар.