З сезоннымі змяненнямі ўмоў надвор’я павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў.
Трагедыяй завяршылася паездка ў Полацк для чатырох жыхарак нашага раёна. Пад’язджаючы да Наваполацка, легкавы аўтамабіль «Жыгулі», за рулём якога была верхнядзвінская пенсіянерка Б., пайшоў на абгон аўтобуса. Дарога ў гэтым месцы ідзе на ўздым, бачнасці ніякай. Насустрач рухалася машына, таксама «Жыгулі» — адбылося лабавое сутыкненне. У выніку аварыі дзве жанчыны ад атрыманых траўм загінулі, трэцяя знаходзіцца ў рэанімацыі . У цяжкім стане і вадзіцель сустрэчнай машыны. Супрацоўнікі ДАІ папярэджваюць: колькасць транспарту істотна вырасла, а халодны сезон пагражае туманамі, дажджамі, слізкай дарогай, кароткім светлавым днём. Трэба захоўваць на дарозе максімальную асцярожнасць і ўважлівасць, не расслабляцца ні на хвіліну і ніколі не спяшацца. Выкананне гэтых правілаў дапамагае засцерагчыся ад бяды.
С. АЛЯКСАНДРАВА.