Як вядома, сёлета наш раён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва за павышэнне вытворчасці і продажу дзяржаве льну. А Верхнядзвінскаму льнозаводу прысуджана першае месца за павышэнне ўраджайнасці і продажу «паўночнага шоўку».
Закладчык сыравіны Н. Г. Мятлюк.
-З чым калектыў сустракае прафесійнае свята? Гэта пытанне мы адрасавалі дырэктару прадпрыемства Н. М. СЛАВУТА.
-Працуем у напружаным рытме. З другой паловы верасня перайшлі на двухзменны рэжым работы. Для трохзменнага не хапае людзей.
-Значыць, сыравіны дастаткова?
-Нарыхтавана 3739 тон трасты — значна больш, чым у папярэднія гады. Прычым, высокім нумарам — 1.13. Гэта ў цэлым па раёну. А наша сыравіна — 1842 тоны — мае нумар 1.25.
-Што значыць «наша»?
-Завод вырошчвае лён на плошчы 500 гектараў. Тэхнікай і насеннем забяспечаны: маем два пасяўныя агрэгаты «Лемкен», дзве сеялкі СПУ, дзве церабільныя машыны ТСЛ-2,4. Сёлета ўбралі даўгунец у лепшыя тэрміны, яшчэ дапамаглі сельгаспрадпрыемствам «Каханавічы» і «Боркавічы», ААТ «Антонава-Агра» і «Прудзінкі». Што датычыць насення, то выкарыстоўваем гатункі «пралеска» і «блакіт», а таксама французскае «алізэ». Апошняга закупілі дадаткова на ўласныя сродкі 8 тон і засеялі ім (з улікам раней назапашанага) 200 гектараў. Вынік парадаваў — ураджай атрымаўся выдатным.
-Як і канчатковая прадукцыя вашага прадпрыемства…
-Без залішняй сціпласці зазначу: Аршанскі льнокамбінат ёй цалкам задаволены.
-Сёння кожнае прадпрыемства ўключае ў свае планы вытворчасць тавараў для насельніцтва. Вы, пэўна, не выключэнне?
-Яшчэ ў сакавіку пачалі выпуск кастрабрыкетаў. Агрэгат ВР-420 здольны вырабляць 420 кілаграмаў гэтага выдатнага паліва за гадзіну. Прадукцыя ідзе нарасхват.
-Умовы працы ў цэхах завода, вядома, не вельмі камфортныя. Чым яны кампенсуюцца?
-Да паслуг работнікаў — душавыя, пакой для адпачынку і прыёму ежы, зручны гардэроб.
-Перамога ў абласным спаборніцтве — заслуга ўсяго калектыву. Але каго Вы хацелі б адзначыць у першую чаргу?
-Выдатна працуюць аператар паточнай лініі Ірына Іосіфаўна Ярышкіна, аператар сушыльнага абсталявання Таццяна Барысаўна Махонька, наладчыкі Канстанцін Міхайлавіч Гельфанд і Аляксей Георгіевіч Мятлюк. На ўборцы ўраджаю вызначыўся М. М. Галавач, які выцерабіў 254 гектары даўгунцу і запрасаваў яго 352 тоны. Увогуле Міхаіл Максімавіч майстар на ўсе рукі. І нездарма новая тэхніка давяраецца менавіта яму: хто, скажыце, будзе пасля работы браць дамоў інструкцыі, дакументацыю і вывучаць тонкасці сучаснай інжынернай думкі? Істотны ўклад ва ўпарадкаванне ўраджаю ўнёс і Расціслаў Аляксандравіч Міхайловіч. Раўненне на ветэранаў трымае Дзмітрый Мікалаевіч Падольскі.
-Што ў перспектыве?
-У наступным годзе будзем вырошчваць даўгунец на плошчы 700 гектараў і, зразумела, павышаць эфектыўнасць вытворчасці і паляпшаць якасць прадукцыі.
-Поспехаў Вам, Ніна Максімаўна, вашаму калектыву. І з прафесійным святам!
Мікалай АРЛОЎ. Фота Валерыя САЛАЎЁВА.