Ва ўсіх сельскіх гаспадарках раёна адбыліся ўрачыстыя сходы, прысвечаныя Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
На гэтых яркіх святочных мерапрыемствах падводзіліся вынікі сельскагаспадарчага года, гучалі віншаванні ў адрас пераможцаў і словы падзякі — ветэранам сельгасвытворчасці. Асаблівым быў сход у КУВСП «Асвейскі» — сёлета прадпрыемству споўнілася 55 гадоў. У госці да асвейцаў прыехалі старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А. Л. Цылеў, старшыня аблсавета прафсаюзаў работнікаў прамысловасці А. Д. Аўсянкін, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, старшыня Асвейскага сельвыканкама В. Е. Гладкова, кіраўнікі Савейкаўскай пагранзаставы і мясцовых школ, айцец Васіль. У Відокскі Дом культуры, дзе прахо-дзіла мерапрыемства, сабраліся ветэраны і сённяшнія працаўнікі гаспадаркі, члены іх сем’яў, шэфы, сябры. Вялікая зала ледзь умясціла гасцей, ды і зразумела: «Асвейскі» — самае вялікае сельгаспрадпрыемства не толькі ў раёне, але і вобласці. Яго плошча — амаль 15000 гектараў, з якіх каля 10000 — сельгасугоддзі. Гаспадарыць на такой зямлі няпроста, але асвейцы спраўляюцца. Як расказаў дырэктар прадпрыемства М. П. Мартынаў, сёлетні год паказаў, што калектыву па плячы вялікія задачы. Атрымана звыш 7 тысяч тон якаснага збожжа, 1200 тон рапсу, даглядаецца амаль 7000 галоў жывёлы, прычым амаль усё мяса рэалізуецца вышэйшай укормленасцю. За гэтымі здабыткамі — самаадданая праца людзей. Ім і было прысвечана мерапрыемства. На свяце адзначаны ветэраны гаспадаркі, лепшыя земляробы і жывёлаводы, спецыялісты, працоўныя дынастыі, работнікі падсобных цэхаў, майстэрань, шэфы. Не забыліся нікога — усім, хто ўнёс уклад у росквіт асвейскай зямлі, уручаны падарункі. Асобна ўшанавалі перадавікоў, занесеных на Дошку гонару прадпрыемства. Працаўнікоў гаспадаркі віталі ансамбль «Сенькавіца» і артысты РДК, якія падрыхтавалі сялянам выдатныя музычныя нумары. Палявы прыпар мінуў, так што вяскоўцы могуць дазволіць сабе адпачынак. Каб ён праходзіў лепш і цікавей, А. Д. Аўсянкін падарыў асвейцам тэлевізар «Віцязь», а А. Л. Цылеў — дзве бясплатныя пуцёўкі ў санаторый «Лётцы».
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.