На рэспубліканскім фестывалі творчасці маладых інвалідаў і дзяцей-інвалідаў «Свет надзеі» Андрэй Кураш з в. Мыкава заняў другое месца ў намінацыі «Вольны жанр».
Такі фестываль праводзіўся ў краіне ўпершыню, але паспеў ужо выявіць вялікі творчы патэнцыял гэтых моцных духам людзей. Намінацыі «Вакальныя спевы», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Выяўленчае мастацтва», «Літаратура» і «Вольны жанр», у якой так паспяхова выступіў Андрэй Кураш, сабралі вялікую колькасць удзельнікаў. Але юмарыстычны перафраз вядомага твора «Казка пра тытунь і залатую рыбку», які за-клікае весці здаровы лад жыцця, у надзвычай артыстычным выкананні Андрэя вельмі спадабаўся і публіцы, і журы, быў прызнаны адным з лепшых нумароў-прадстаўленняў. Юнак узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені, а ў падарунак атрымаў шыкоўную коўдру. Намеснік міністра па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь В. В. Каралёва (яна ж была старшынёй журы фестывалю) адзначыла плённую работу па развіццю творчых здольнасцей маладых інвалідаў і дзяцей-інвалідаў, якую ажыццяўляе Верхнядзвінскі раён, і ўручыла яго прадстаўніку Ганаровую грамату міністэрства «За актыўны ўдзел у рабоце рэспубліканскага фестывалю творчасці «Свет надзеі».
Л. ФЁДАРАВА.