Конкурс на лепшую ёлку

Актуально Общество

Падчас Калядаў і Новага года ў раёне адбылося нямала традыцыйных мерапрыемстваў. Але найбольш запомніліся новыя і арыгінальныя: парад-конкурс Дзедаў Марозаў і Снягурачак, конкурсы на лепшую дызайнерскую ёлку і навагоднюю паштоўку.

Ёлка калектыву масласырзавода прызнана лепшай у конкурсе.

Аб самых каларытных Дзедах Марозах і Снягурках мы ўжо пісалі, а цяпер журы падвяло вынікі двух іншых — ёлак і паштовак. Адметна, што калектывы, дзе да працы ставяцца па-наватарску, і ў любой іншай творчасці на вышыні. Як і ў конкурсе на лепшага Дзеда Мароза, першае месца сярод дызайнерскіх ёлак аднадушна прысуджана вельмі арыгінальнай, можна сказаць, брэндавай ёлачцы масласырзавода. І не дзіўна, зроблена ж навагодняя госця з прадукцыі прадпрыемства — сыроў. Паглядзіце на здымак: і гатункаў смачнага прадукта колькі, і антураж навокал арыгінальны, і нават шляпа замест макаўкі — як у самога «Яна-сырароба». Нездарма вакол ёлкі збіралася найбольш наведвальнікаў.
Другое месца заняла празрыстая і летуценная ёлачка Верхнядзвінскай дзіцячай школы мастацтваў. Журы ацаніла не толькі дызайн, але і абарону праекта — таленавіты калектыў школы прыдумаў выдатнае навагодняе музычнае суправаджэнне.

Першае месца прысуджана паштоўцы В. Салаўёвай.

 

На трэцім месцы — ёлачка калектыва цэнтральнай раённай бальніцы. Варта адзначыць, што тут таксама шануюць творчасць і ўмеюць увасобіць у жыццё арыгінальныя задумкі.
Усяго ж у конкурсе ўдзельнічала больш дзесяці дызайнерскіх ёлак, якія падарылі наведвальнікам РДК нямала прыемных эмоцый.
Спадабаўся верхнядзвінцам і конкурс навагодніх паштовак. Выраблялі іх дзеці, укладаючы ў маленькія святочныя эцюды ўсе свае фантазіі і мары аб паўсюднай дабрыні, радасці і цудах. Выбраць лепшыя было вельмі складана, таму журы вылучыла аж па тры першых, другіх і трэціх месцаў. Самымі арыгінальнымі прызнаны паштоўкі Івана Даніловіча з Валынецкай СШ, Віталіі Салаўёвай з ДШМ, а таксама калектыўная работа аддзялення дзяцей-інвалідаў — усе яны занялі першае месца. На другім — работы Каці Ходас і Насці Якаўлевай з Бігосаўскай СШ і Лаліты Сінькевіч з ДШМ. Трэцяе месца прысуджана паштоўкам, якія вырабілі выхаванцы ДШМ Вадзім Костык, Павел Бяссонаў і Ліда Драпей.
Святочны перыяд заканчваецца, але быў ён насычаны адметнымі падзеямі, якія пакінулі цудоўныя ўспаміны і пазітыўны настрой. С. АЛЯКСАНДРАВА.
 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *