Прызванне — гэта лёс

Духовность

Больш 30 гадоў свайго жыцця аддала Таццяна Аляксандраўна Дзмітрыева прафесіі бібліятэкара. Гэта — выдатны спецыяліст, цудоўная жанчына, пяшчотная маці. 
Нарадзілася яна ў г. Дно Пскоўскай вобласці ў простай сям’і. 3 дзяцінства любіла чытаць кніжкі. Пасля заканчэння школы паступіла ў Пскоўскае культасветвучылішча. Атрымала дыплом бібліятэкара. Працавала ў Дноўскай раённай бібліятэцы. У 1981 годзе па волі лёсу апынулася ў Беларусі. Загадвала Відоцкай бібліятэкай. 3 2000 года ўзначальвае Асвейскую пасялковую бібліятэку. Працаваць даводзілася ў розных умовах. Цяпер бібліятэка адрамантавана, стала сапраўдным сучасным культурным цэнтрам. У памяшканні светла, утульна, цёпла, мноства кветак. Для тых, хто хоча пачытаць, пазаймацца на месцы, ёсць чытальная зала, з густам аформленыя маляўнічыя кніжныя выставы. Прывабнасць, своеасаблівасць усяму акружаючаму надаюць гаспадыні бібліятэкі Таццяна Аляксандраўна i Тамара Мікалаеўна Бачаронак.
Бібліятэка зараз камп’ютарызавана. Дарэчы, адзін з камп’ютараў падараваны ўдзячным чытачом з Pacii С. А. Прашко, які родам з Асвейшчыны. Бываючы на радзіме, ён неаднаразова звяртаўся за краязнаўчымі матэрыяламі i застаўся вельмі задаволены абслугоўваннем, таму вырашыў аблегчыць працу бібліятэкараў.
Таццяна Аляксандраўна творча i прафесійна выконвае сваю работу: афармляе выставы, працуе з кніжным фондам, каталогамі i картатэкамі. Яна любіць сваю прафесію, людзей, якія прыходзяць у бібліятэку, стараецца парадаваць кожнага новай кнігай, запрашэннем на вечарыну або творчую сустрэчу. Чытачы з задавальненнем наведваюць бібліятэку не толькі каб узяць кнігy, a i пагаварыць аб асабістым, набалелым, абмеркаваць прачытанае. Таццяна Аляксандраўна — ветлівая, абаяльная, валодае шырокім кругаглядам. Яна адкажа на хвалюючыя пытанні, параіць, на якой кнізе спыніць свой выбар. Удзячныя людзі гавораць, што яна «надае сілы, бадзёрасць, здымае стомленасць».
Таццяна Аляксандраўна заўсёды ў пошуку i знаходках, энергічна і настойліва ўкараняе ў практыку работы новае, цікавае, прагрэсіўнае. Прафесійна i мудра вырашае шэраг пытанняў i праблем. Значную ўвагу ўдзяляе краязнаўчай рабоце: збірае ўспаміны старажылаў, вядзе летапіс г. п. Асвея, гіторыю бібліятэк.
Тут праходзяць шматлікія мерапрыемствы: літаратурныя вечары, сустрэчы са знакамітымі землякамі, агляды новых выданняў. Праводзяцца гутаркі, экскурсіі. Таццяна Аляксандраўна з’яўляецца арганізатарам i нязменным кіраўніком клуба «Літаратурная гасцёўня». Работа аб’яднання цесна звязана з вывучэннем гістарычнай i літаратурнай спадчыны Асвейскага краю. Удзельнікі клуба збіраліся на літаратурную гадзіну «Імя ў гісторыі роднага краю» (да 100-годдзя Г. Геродніка), вечар-сустрэчу з В. Рудой «Зямля, дзе пачаўся мой лёс», вечар-партрэт М. Семакова «Цябе я слаўлю, родны кут», гадзіну сустрэчы з мастацтвам «Нам ёсць кім ганарыцца», прысвечаную мастаку Я. Ясвіну і інш.
Таццяна Аляксандраўна неаднаразова станавілася пераможцам шматлікіх раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства, узнагароджвалася Ганаровымі граматамі.
3 нагоды юбілею жадаем Таццяне Аляксандраўне вялікага асабістага шчасця i дабрабыту, творчых поспехаў i цікавых карысных знаходак на прафесійнай ніве. Мы ўпэўнены, што яе прафесіяналізм, багаты жыццёвы вопыт яшчэ доўга будуць служыць чытачам!
Н. СТОЛП, Т. ЗУЕВА, супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *