Напрыканцы снежня на базе КУВСП «Асвейскі» адбыўся семінар ідэалагічнага актыву раёна на тэму «Парадак і дысцыпліна на вытворчасці — аснова забеспячэння бяспекі, аховы працы і эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна».
Дырэктар СП «Асвейскі» М. П. Мартынаў азнаёміў прысутных з напрамкамі дзейнасці свайго калектыву. Акрамя асноўнай вытворчасці, вялікая ўвага ўдзяляецца конегадоўлі (адкрыта спартыўная школа), гадоўлі авечак. Ёсць цэх па пашыву спецадзення, сталярны цэх. Наладжана вытворчасць круп.
Кіраўніцтва прадпрыемства клапоціцца аб здароўі работнікаў. У абавязковым парадку праводзяцца медагляды з запрашэннем полацкіх спецыялістаў. Нават у самыя «гарачыя дні» палявых работ вяскоўцам прадастаўляецца выхадны. Ад гэтага напрамую залежаць прадукцыйнасць працы і дысцыпліна, прафілактыка п’янства.
Начальнік Дзяржаўтаінспекцыі А. Г. Круклінскі выказаў занепакоенасць становішчам з бяспекай руху на дарогах. Сем чалавек загінула, 15 атрымалі раненні. З 14 вадзіцеляў, па віне якіх здарыліся ДТЗ, 6 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Зарэгістраваны 4 наезды на пешаходаў, у тым ліку 2 — у Асвейскім сельсавеце. Абодва пацярпеўшых атрымалі цяжкія траўмы.
134 чалавекі кіравалі транспартнымі сродкамі ў п’яным выглядзе.
Па словах начальніка ДАІ, няма ў раёне прадпрыемства, дзе не былі б выяўлены п’яныя вадзіцелі. У першую чаргу гэта датычыць СВК «Вужыца», СП «Ляво-нішана».
Тут ёсць на чым засяродзіць увагу ідэалагічнага актыву. Трэба больш пільна сачыць за правядзеннем медыцынскага агляду вадзіцеляў, і не толькі перад рэйсам, але і пасля вяртання ў гараж, на месца стаянкі. Усе работнікі павінны быць забяспечаны спецадзеннем з святлоадлюстроўваючымі элементамі, а вадзіцелі гужавых павозак — святлоадлюстроўваючымі жылетамі. Нядрэнна б мець іх і даяркам, якім даводзіцца ісці на работу і назад у цёмны час сутак.
Належная ўвага гэтаму пытанню ўдзяляецца ў ААТ «Сакалоўшчына»: у майстэрнях, дыспетчарскай, канторы вывешаны аб’явы-папярэджанні аб абавязковым выкарыстанні святлоадлюстроўваючых элементаў.
Участковы інспектар міліцыі А. Р. Валовіч расказаў аб рабоце грамадскага пункта аховы правапарадку Асвейскага сельсавета.
Намеснік пракурора В. С. Тамашэвіч зазначыў, што, на жаль, адзначаецца рост няшчасных выпадкаў і траўматызму на вытворчасці. Так, у СП «Каханавічы» загінулі тры чалавекі, тры сталі інвалідамі, у СП «Асвейскі» — два няшчасных выпадкі, у райаграсервісе — таксама два. Трэба ўзмацніць тлумачальную работу па тэхніцы бяспекі, інструктажы і праверку ведаў па ТБ.
Нярэдка вытворчы траўматызм з’яўляецца вынікам п’янства. І не толькі на рабоце. Пры выездах на месцы іншы раз даводзіцца назіраць жахлівыя карціны: у кватэрах ці дамах антысанітарыя, бруд, электрычнасці няма, вакол пустыя бутэлькі. Вось дзе трэба весці прафілактычную работу грамадскім фарміраванням.
Начальнік аддзела аховы працы і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. Ю. Захараў лічыць, што несвоечасова праведзены інструктаж, адсутнасць праверкі ведаў па тэхніцы бяспекі з’яўляецца адной з галоўных прычын вытворчага траўматызму. Ён напомніў кіраўнікам і спецыялістам аб неабходнасці пільна сачыць у зімова-стойлівы перыяд за спраўнасцю абсталявання на фермах, будынкаў і збудаванняў, прапанаваў метадычныя рэкамендацыі па афармленні дакументаў па тэхніцы бяспекі.
Увазе гасцей быў прапанаваны фільм аб тэхніцы бяспекі і ахове працы; яны наведалі малочна-таварную ферму, конна-спартыўную школу, музей народнага побыту, мясцовую сярэднюю школу.
Удзел у рабоце семінара прынялі старшыня Асвейскага сельскага Савета В. Е. Гладкова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, першы намеснік начальніка РАУС І. У. Маслякоў, старшыня прафкама СП «Асвейскі», адказны за ідэалагічную работу Л. В. Русак, спецыяліст Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А. К. Кавалёва.
Вяла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. Г. Кісялевіч.