Распачаліся работы па рамонце будынка былога суда пад патрэбы раённага музея.
У няпростых эканамічных умовах першапачатковы план рэканструкцыі ажыццявіць не выпадае. Але выдзеленых сродкаў дастаткова, каб прывесці ў парадак наяўныя памяшканні. Мы спадзяемся, што да канца года можна будзе прыступіць да планавання экспазіцый і размяшчэння першай партыі экспанатаў, лік якіх ужо ідзе на тысячы. Аб’ём працы проста агромністы, бо кожная рэч, кожны дакумент не толькі мусіць быць пашпартызаваны, але павінен заняць канкрэтнае, толькі яму адведзенае месца ў музейным «летапісе». На жаль, належных умоў для захавання будучых экспанатаў не было створана, некалькі «пераездаў» не дазволілі зберагчы ўсё ў найлепшым стане і сістэматызаваць зборы. Зараз уся «гісторыя і этнаграфія Верхнядзвіншчыны» да столі запоўніла адведзенае пад часовае сховішча памяшканне, а супрацоўнікі рабочай групы галоўную ўвагу аддаюць пошукам гістарычных матэрыялаў і дакументаў праз інтэрнэт на ўласных камп’ютарах.
Аднак гэта не азначае, што мы «зашыліся» у віртуальнай прасторы. Як і раней, не паслаблі намаганні ў пошуку прадметаў старога побыту і дакументаў праз непасрэдныя кантакты з жыхарамі горада і раёна. Узімку лягчэй прабрацца праз балоты да тых мясцін, дзе раней стаялі маёнткі і фальваркі, вёскі і хутары, цагельні і млыны, леснічоўкі і смалакурні. Такія пошукавыя вандроўкі ладзяцца штотыдзень. Мы плануем дабрацца да самых далёкіх гарадзішчаў, курганоў і былых свяцілішчаў. Пры гэтым спадзяемся зноў на бескарыслівую дапамогу аматараў краязнаўства. Праз газету мы выказваем шчырую ўдзячнасць гэтым апантаным даследчыкам мінуўшчыны.
З ліку самых актыўных нашых памочнікаў — Васіль Быкаў, які самастойна распрацаваў складаныя тэмы ваенных дзеянняў на Верхнядзвіншчыне ў ХХ стагоддзі ў цеснай сувязі з сусветнымі падзеямі, а грунтоўнасці ў ягоным даследаванні пытання аб «сталінскіх» дотах мог бы пазайздросціць дыпламаваны гісторык. На дарозе да мэты Васіля не спыняюць ніякія цяжкасці, у сумесных экспедыцыях з ім пануюць сяброўства і аптымізм, а ў інтэрнэце ён захапляльна падае багата ілюстраваныя старонкі аб родным краі.
Уласным транспартам і дэфіцытнымі тэхнічнымі сродкамі не раз дапамагаў музейшчыкам Рыхард Малаток. Самую цяжкую і адказную працу на раскопках ён бярэ на сябе. Дзякуючы Рыхарду былі раскрыты таямніцы зніклых храмаў у полацка-расонскім памежжы і на прасторах былой Стрыжанской воласці, абследаваны загадкавыя аб’екты на заходняй Асвейшчыне. Сучасным «узбраеннем» у выглядзе металашукальніка зараз актыўна карыстаюцца так званыя «чорныя капачы» — нашы найгоршыя канкурэнты рознага ўзросту і грамадскага стану. Узброеныя навігатарамі, картамі даўніх гадоў, яны знаходзяць шмат-абяцальныя мясціны, дзе пахавана мінуўшчына, і без усякай сістэмы ўчыняюць раскопкі, шукаючы скарбы на свой густ: залатыя вырабы, старую зброю і ўзнагароды, царкоўныя рэліквіі і іншае. Не перагружаныя неабходнымі ведамі, а падчас і маральнымі якасцямі, «капачы» парушаюць адвечны спакой кладзішчаў, раскопваюць крывіцкія курганы, дзе золата не можа быць, як кажуць, па вызначэнні. У такіх месцах застаюцца, акрамя перавернутых пластоў зямлі, ганчарныя чарапкі, чарапы чалавечыя і рэшткі таго рыштунку, якім карысталіся нашы далёкія продкі тысячагоддзі таму і якія выявіліся непатрэбнымі «археолагам»-вандалам. І ўсё ж нават у перакапаных Пустэльніках і былым Замошшы, у Суніцы і Залессі, Сямёнаве і іншых мясцінах нам удалося сабраць нямала цікавін, якія знойдуць сабе месца ў музейных экспазіцыях.
Ёсць на Верхнядзвіншчыне яшчэ нямала нашых добраахвотных памочнікаў, а таксама сапраўдных даследчыкаў-самавукаў, якія не афішуюць свае захапленні і плён уласных пошукаў. Хочацца праз газету выказаць падзяку Юрыю Карасёву, які падзяліўся з музеем каштоўнымі экспанатамі са сваёй калекцыі. Усё настойлівей агучваецца ідэя аб стварэнні краязнаўчага клуба. Як толькі будзе здадзена ў эксплуатацыю першае памяшканне раённага музея, мы зоймемся гэтай справай. Набытае аматарамі і спецыялістамі ў шматгадовых пошуках павінна стаць здабыткам для ўсіх жыхароў раёна і гасцей, якія пажадаюць глыбей пазнаць і зразумець гісторыю і культуру нашага краю.
А.Бубала, навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.