Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне «Аб ходзе зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна».
Кармы павінны даваць аддачу
У інфармацыі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкава адзначалася, што жывёла ў сельгаспрадпрыемствах раёна пастаўлена на зімовае ўтрыманне своечасова. Гэтаму папярэднічала неабходная падрыхтоўчая работа: рад фермаў рэканструяваны і адрамантаваны, у іншых заменены сістэмы даення і паення, наладжана механічная раздача кармоў, прыведзены ў парадак малочныя і бытавыя пакоі. Створана надзейная кармавая база — нарыхтавана па 28,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Ёсць зерне, камбікармы, дастатковая колькасць малака для выпайвання цялят.
Прымаемыя меры даюць станоўчы вынік — вытворчасць малака павялічылася на 103,7%, а на рэканструяваных і механізаваных фермах — на 140 і больш працэнтаў. Вырасла захаванасць пагалоўя, выхад цялят на 100 кароў.
Але, як падкрэсліў на пасяджэнні старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, створаныя ўмовы дазваляюць разлічваць на значна вышэйшыя паказчыкі. Неапраўдана знізілі валавую вытворчасць малака ААТ «Баліны», «Сакалоўшчына», КУВСП «Верхнядзвінскі». Значна зменшылі вырошчванне БРЖ КУВСП «Дрысенскі», «Каханавічы», СВК «Вужыца». Не забяспечаны неабходныя сярэднесутачныя прывагі БРЖ у СВК «Вужыца», ААТ «Сакалоўшчына», «Прудзінкі» і КУВСП «Дрысенскі». У радзе гаспадарак дапушчаны перарасход малака на выпайку маладняку, прычым у КУВСП «Боркавічы», «Каханавічы» і ААТ «Баліны» ён найбольш значны ў параўнанні з нормай. І ў цэлым расход кармоў у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў неапраўдана высокі. Пры нарматыве 0,9 ц к. а. на тону малака ў «Каханавічах», «Боркавічах», «Лявонішана» затрачана 1,1-1,3 цэнтнера. Перавышаны нормы расходу кармоў на цэнтнер прывагі жывёлы ў «Каханавічах», «Боркавічах», «Дрысенскім», «Прудзінках», «Шайцерава». Страты ад перарасходу кармоў склалі ў цэлым 8 млрд рублёў.
Усё — па тэхналогіях
Значная ўвага на пасяджэнні ўдзелена і якасці кармавой базы. Здавалася б, кармоў нарыхтавана даволі, але нярэдка яны малапажыўныя, незбалансаваныя, няправільна выкарыстоўваюцца. Праверкамі райсельгасхарчу выяўлена, што ў кармах назіраецца дэфіцыт пратэіну, цукру, макра- і мікраэлементаў, павышана кіслотнасць. Здараецца, што з-за няправільнай трамбоўкі сенажу або дрэнных пад’ездаў да месц захоўвання кармоў у іх трапляе зямля. На фермах КУВСП «Каханавічы» і «Боркавічы» ў кармушкі кладзецца сянаж з плёнкай і зямлёй, ёсць праблемы з якасцю ў ААТ «Бялькоўшчына», «Антонава-Агра», «Баліны», «Прудзінкі», «Сакалоўшчына» і іншых.
На некаторых фермах усё яшчэ не наладжаны аптымальны рэжым даення. Тым часам трохразовая дойка абавязковая для высокаўдойных і цельных кароў. Не ўсюды наладжаны выгул жывёлы, што не дазваляе своечасова выяўляць жывёлу ў ахвоце для асемянення.
Асобныя фактары, а іншы раз і іх сукупнасць, прыводзяць да недаатрымання прадукцыі. Не выйшлі на 100-працэнтную вытворчасць малака ў студзені бягучага года ААТ «Баліны», «Бялькоўшчына» і КУВСП «Верхнядвзінскі». У апошняй гаспадарцы не збалансавана кармленне, не арганізаваны трохразавае даенне і раздой новацельных кароў, ёсць праблемы з асемяненнем жывёлы і аднаўленнем статку. У выніку планы па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі не выкананы.
Акцэнт — на якасць
Асаблівая ўвага ў раёне ўдзяляецца якасці прадукцыі ферм. Намаганні даюць плён: палова малака ідзе на завод гатункам «экстра», яшчэ 40,5% — вышэйшым гатункам, астатняе — першым. Самае якаснае малако ў ААТ «Нурава», КУВСП «Дрысенскі» і «Лявонішана». Недастатковая якасць — у «Антонава-Агра», «Верхнядзвінскі», «Боркавічы», «Каханавічы». Страты ад недаатрымання якасці за мінулы год склалі 6,3 млрд рублёў.
Прааналізавана работа па ўзнаўленню статка. За год атрымана 13200 галоў цялят, што на 103 галавы вышэй паказчыка папярэдняга года. На 100 кароў атрымана 87 цялят. Аднак у такіх гаспадарках, як СВК «Вужыца», «Баліны», КУВСП «Верхнядзвінскі», недаатрымана планавая колькасць цялят. З асноўнага статка раёна выбыла 3914 рагуль, што з’яўляецца сведчаннем безгаспадарчасці, несвоечасовага лячэння ад захворванняў, а то і звычайных парушэнняў тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Высокі працэнт выбыцця цёлак у такіх гаспадарках, як «Шайцерава», «Прудзінкі», «Антонава-Агра», «Сакалоўшчына», «Дрысенскі».
Задачы трэба вырашаць сёння
Адзначана, што да канца зімоўкі яшчэ даволі часу, праходзіць яна ва ўмовах моцных маразоў, і трэба прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць намечаныя планы. Неабходна павялічыць валавыя надоі і прывагі БРЖ да 110%, таварнасць малака — да 92%, продаж сортам «экстра» — да 85%. Масласырзаводу даручана набыць для патрэб раённай жывёлагадоўлі спецкамбікармы і бялковую сыравіну. Райаграсервісу прапанавана праводзіць поўнае тэхабслугоўванне абсталявання ферм, а сельскім гаспадаркам своечасова разлічвацца за паслугі.
Перад сельгаспрадпрыемствамі пастаўлены канкрэтныя задачы па паўнацэннаму і збалансаванаму кармленню жывёлы, узнаўленню статка, правядзенні іншых работ па павелічэнні вытворчасці прадукцыі. Штомесяц павінны адбывацца дні жывёлаводаў і санітарныя дні. Больш цесным і плённым пажадана быць супрацоўніцтву гаспадарак з райплемстанцыяй і райветстанцыяй па арганізацыі асемянення жывёлы, зніжэнні захворваемасці. Ад паспяховай зімоўкі ў значнай ступені залежыць гадавы вынік работы жывёлагадоўлі і забеспячэнне харчовай бяспекі раёна.