У сувязі з рэканструкцыяй пункта пропуску Грыгароўшчына з 1 сакавіка мяркуецца ўвядзенне рэжыму абмежаванага пропуску праз дзяржаўную мяжу грузавога аўтатранспарту.
Па плану ў першым квартале аб’ём выкананых тут будаўніча-мантажных работ павінен скласці 10 мільярдаў рублёў. Суровая зіма ўнесла свае карэктывы, але са стабілізацыяй тэмпературнага рэжыму рэканструкцыя ПП «Грыгароўшчына» актывізуецца. Для таго, каб нарошчваць тэмпы будаўніцтва на гэтым аб’екце, і пастаўлена пытанне абмежавання транспартнага грузапатоку.
Узведзены ўжо службова-вытворчы будынак мытных і пагранічных службаў. Ёсць бокс паглыбленага догляду і будынак, у якім размесцяцца службы санітарнага, ветэрынарнага і фіта-кантролю.
На чарзе — будаўніцтва кацельні, трансфарматарнай падстанцыі і помпавай станцыі, устаноўка воданапорнай вежы і пажарных рэзервуараў, пракладка газаправоду, цеплатрасы і водаправоду, сетак бытавой і ліўневай каналізацыі.
Як бачна, аб’ект аб’ёмны і працаёмкі. У рамках дзяржінвестпраграмы на 2012 год на рэканструкцыю аўтадарожнага ПП «Грыгароўшчына» з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 75 мільярдаў рублёў.
Людміла АРЛОВА.