У Верхнядзвінску адзначана 25-годдзе ветэранскай арганізацыі

Актуально Память

Раённая ветэранская арганізацыя адзначае свой 25-гадовы юбілей. З гэтай нагоды мы гутарым са старшынёй савета ветэранаў М. Я. ДАБРАНАВЫМ.

Нашы землякі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнікі (злева направа) Г. У. Капусцёнак і І. А. Мандрык з ветэранам працы В. Я. Сяргушкам на Кургане Дружбы.

-Міхаіл Якаўлевіч, з чаго ўсё пачыналася?
-21 лютага 1987 года адбылася ўстаноўчая раённая канферэнцыя ветэранаў вайны і працы. На ёй былі вызначаны асноўныя задачы арганізацыі — забеспячэнне актыўнага ўдзелу ветэранаў у ваенна-патрыятычным, працоўным і маральным выхаванні падрастаючага пакалення, у падрыхтоўцы моладзі да вайсковай службы. Па-другое, садзейнічанне ўдзелу людзей сталага ўзросту ў гаспадарча-вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў раёна. І, нарэшце, клопат аб здароўі, матэрыяльна-бытавых умовах ветэранаў.
-Хто стаяў ля вытокаў стварэння арганізацыі?
-Сяргей Рыгоравіч Казачонак, Рыгор Ануфрыевіч Урбан, Мікалай Іванавіч Катовіч, Іван Іванавіч Сімановіч. На жаль, іх ужо няма сярод нас…
Нельга не ўспомніць заслугі Л. Д. Бубновай, А. І. Грыцкевіча, М. Я. Драздова, І. С. Жорава, Л. А. Маршалкіна, В. П. Дзярко, А. П. Шушкевіч, І. І. Талкачова, П. В. Шчарбакова, А. І. Бурэц, Р. Я. Рыца, В. Я. Сяргушкі. Яны і сёння прымаюць актыўны ўдзел у ветэранскім руху.
-Колькі чалавек на той час уваходзіла ў састаў арганізацыі?
-На тэрыторыі раёна пражывала 1760 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, шмат заслужаных пенсіянераў. Было створана 58 саветаў ветэранаў з колькасцю 328 чалавек. Але час бязлітасны. Толькі за апошнія 5 гадоў пайшлі з жыцця 97 воінаў-пераможцаў. І з адыходам кожнага мы адчуваем недахват мудрай парады, цяжкую страту.
-А якое становішча сёння?
-Раённая арганізацыя ветэранаў вайны і працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў налічвае ў сваіх радах звыш шасці тысяч чалавек, у тым ліку 112 удзельнікаў вайны. Гэта вялікая рэальная сіла, бо ветэраны — людзі, якія валодаюць каласальным жыццёвым вопытам, з’яўляюцца носьбітамі добрых традыцый, вучаць моладзь грамадзянскасці, патрыятызму, шчыраму служэнню Айчыны.

Хор «Надзея» клуба «Ветэран».

 

Апошнія гады былі насычаны значнымі падзеямі: юбілеі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Кастрычніцкай рэвалюцыі, выбары розных узроўняў, Год роднай зямлі, 625-годдзе горада Верхня-дзвінска. У падрыхтоўцы і правя-дзенні ўрачыстых мерапрыемстваў актыўны ўдзел прымалі пярвічныя ветэранскія арганізацыі, раённы савет ветэранаў, яго прэзідыум.
Дастаткова сказаць, што ў састаў выбарчых камісій уваходзілі 46 актывістаў ветэранскага руху, дэпутатамі мясцовых Саветаў выбраны 43 чалавекі, членамі сельвыканкамаў — 4, членамі вулічных камітэтаў і старэйшынамі вёсак — 79 нашых актывістаў.
-Пэўна, вы супрацоўнічаеце з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі раёна?
-Абавязкова. Заўсёды знаходзілі падтрымку ў райвыканкаме, раённым Савеце дэпутатаў. Дзейнічаем у цесным супрацоўніцтве з райкамам БРСМ, эфектыўна спалучаючы энергію маладосці з мудрасцю і вопытам старэйшых пакаленняў.
Наогул пярвічныя арганізацыі прапагандуюць высокія маральныя каштоўнасці цераз гутаркі ў школах, цераз раённую газету і радыё, асабістыя гутаркі, удзель-нічаючы ў днях прызыўніка, уручэнні пашпартаў і членскіх білетаў БРСМ. Мы абавязаны пераканаць моладзь, што без пераемнасці пакаленняў, без павагі да мінулага няма і не можа быць будучыні, як не бывае дрэва без каранёў.

Вышываныя работы члена клуба «Ветэран» Р. Ф. Шыпіла ўпрыгожваюць многія выставы.

-Вялікая і магутная некалі краіна падзелена палітыкамі. Але ж сувязі ветэранаў, якія некалі змагаліся з ворагам у адзіным страі, не маглі перарвацца…
-Штогод наша дэлегацыя прымае ўдзел у святкаванні на Кургане Дружбы, наведвае міжнародны маладзёжны лагер «Бе-La-Русь». У мінулым годзе пабывалі ў ім дваццаты раз.
Працягваецца работа па ўмацаванні сяброўскіх сувязяў паміж ветэранскімі арганізацыямі Верхнядзвінскага і Себежскага раёнаў. Летась, напрыклад, разам з себяжанамі адзначалі Дзень партызан і падпольшчыкаў (ёсць такое свята ў Расійскай Федэрацыі), які праходзіў у мястэчку Куксіха 25 чэрвеня. Там з поспехам выступіў наш народны клуб «Ветэран».
-Дарэчы, аб клубе…
-Ён аб’ядноўвае 35 чалаввек ва ўзросце ад 50 да 78 гадоў, у 2011 годзе адзначыў сваё дваццацігоддзе ў званні «Народны». Асноўнымі напрамкамі дзейнасці клуба з’яўляюцца арганізацыя вольнага часу і адпачынку людзей сталага ўзросту, раскрыццё іх творчых здольнасцей, дэманстрацыя дасягненняў у розных накірунках дзейнасці. У «Ветэране» праводзяцца спартландыі, выставы народных промыслаў, кулінараў і садаводаў-агароднікаў, вечары паэзіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Традыцыйнымі сталі вечары песень «Главное, ребята, сердцем не стареть». Па ініцыятыве клуба ў РДК арганізаваны танцавальныя праграмы «для старэйшых».
Удзельнікі «Ветэрана» не любяць сядзець на месцы. Яны наведалі памятныя мясціны Віцебска і Полацка, а параўнальна нядаўна здзейснілі сумесна з саветам ветэранаў паездку па раёну: наведалі ААТ «Інвет», масласырзавод, хлебазавод, святыні вёсак Росіца і Сар’я.
Далёка за межамі раёна славіцца хор «Надзея», якому летась споўнілася 30 гадоў. Спяваюць 25 чалавек, у тым ліку 3 вакальныя групы і 9 салістаў. За мінулы год яны далі шэсць канцэртаў, прымалі ўдзел ва ўсіх раённых масавых мерапрыемствах.
-Статус вашай арганізацыі прадугледжвае клопат аб здароўі і дабрабыце ветэранаў. Што робіцца ў гэтым напрамку?
-На выязным пасяджэнні прэзідыума разгледжана пытанне аб стане медыцынскага абслугоўвання і лекавага забеспячэння ветэранаў вайны і працы ў Валынецкім сельсавеце. Папярэдне члены прэзідыума сумесна з намеснікам галоўнага ўрача ЦРБ А. П. Прымаковым, старшынёй мясцовага сельвыканкама Н. П. Ліпоўскай, старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Антонава-Агра» В. Я. Сяргушкам азнаёміліся з утрыманнем, лячэннем і абслугоўваннем пацыентаў у Валынецкай бальніцы сястрынскага догляду, правялі індывідуальныя гутаркі.
Пытанні аказання дапамогі ветэранам ва ўтрыманні падсобных гаспадарак абмеркаваны на выязным пасяджэнні ў Асвеі.
Большасць праблем вырашана.
-Застаецца пажадаць членам раённай ветэранскай арганізацыі, перш за ўсё, моцнага здароўя, бадзёрасці, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
М. КАТКОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *