На ферме «Бялькоўшчына-1» утрымліваецца 240 галоў цялят да шасцімесячнага ўзросту. Менавіта ад правільнага і прафесійнага догляду такіх малышоў залежыць, наколькі здаровым будзе дарослы статак.
А клапоцяцца аб іх Любоў Уладзіміраўна Драздова і Марына Мікалаеўна Куксо. Тое, што такая адказная работа даручана сапраўдным прафесіяналам сваёй працы, сведчаць і паказчыкі — сярэднесутачныя прывагі ў групе Л. Драздовай дасягаюць 850 грамаў, крыху менш у яе калегі — 790-800 грамаў. Аднак трэба толькі чуць, з якой пяшчотай яны расказваюць аб сваіх гадаванцах.
-З імі, як з малымі дзецьмі за-віхаемся, — дзеліцца Любоў Драздова. — Іх, акрамя таго, што своечасова пакарміць, напаіць, посцілку памяняць, яшчэ і любіць трэба, жывёла заўсёды адчувае добрыя адносіны да сябе.
Сама жанчына ўжо 17 гадоў працуе ў гаспадарцы — спачатку даяркай (і таксама перадавіком), а апошнія 8 гадоў песціць цялят. І зараз, як і два гады запар, яе фотаздымак знаходзіцца на Дошцы гонару. Не адстае і Марына Мікалаеўна, якая клопату аб маленькай жывёле аддала 4 гады. І таксама заслужана адзначана занясеннем на Дошку гонару.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.