Інспекцыяй Дзяржаўнага пажарнага нагляду раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праве-дзена абследванне шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Адзначана, што кіраўніцтва і службовыя асобы ААТ «Шайцерава», СВК «Вужыца», СП «Асвейскі» прымаюць пэўныя меры па прывядзенні вытворчых аб’ектаў у пажарабяспечны стан. Так, у «Шайцераве» ўстаноўлены прылады маланкааховы некаторых збудаванняў, своечасова робяцца электрафізічныя вымярэнні правадоў і кабеляў, замена састарэлага абсталявання, якое знаходзіцца ў агрэсіўным асяроддзі жывёлагадоўчых ферм. Ля фермы «Міхайлова» зроблены проціпажарны вадаём. У дамах адзінока пражываючых грама-дзян, якія раней працавалі ў гаспадарцы, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі.
Аднак не забяспечана ўтрыманне ў спраўным стане тэхнічных сродкаў проціпажарнай аховы ў мясцовых магазінах, няма належнай увагі да забеспячэння жывёлагадоўчых аб’ектаў стацыянарнай тэлефоннай сувяззю.
У СВК «Вужыца», нягледзячы на неаднаразовыя прадстаўленні пажарнай інспекцыі, дазволена пражыванне асоб у падсобных памяшканнях жывёлагадоўчага комплексу. Пры гэтым пячное ацяпленне і электраправодка тут не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Печ у адным з памяшканняў развальваецца. Ёсць аголеныя скруткі правадоў, для абагрэву выкарыстоўваецца самаробная награвальная прылада.
Пэўныя меры проціпажарнай бяспекі прымаюцца і ў ААТ «Сакалоўшчына». У вёсцы Свіраўшчына зроблены проціпажарны вадаём паблізу кароўніка і зернесушыльнага комплексу, вядуцца работы па мадэрнізацыі старога абсталявання. Збудаванні і сельскагаспадарчая тэхніка забяспечаны сродкамі пажаратушэння.
Тым не менш, працяглы час не вырашаецца пытанне аб устаноўцы маланкааховы будынкаў і збудаванняў.
Па выніках праверак у адносінах да кіраўнікоў, юрыдычных асоб адзначаных гаспадарак пачаты адміністрацыйныя працэсы.