Наш земляк — Тарас Хадкевіч

Актуально Наш край

Свае ён творы нам пакінуў
І радасць першае вясны.
Ён так любіў сваё Надзвінне,
Што сам стаў песняю Дзвіны.

Аб бацьку ўспамінае Леанід Хадкевіч.

Гэтыя радкі як ніякія іншыя адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях нашага знакамітага земляка — Тараса Канстанцінавіча Хадкевіча. Нядаўна споўнілася стагоддзе з дня яго нараджэння. На доме, дзе з’явіўся на свет, змешчана мемарыяльная дошка. У планах — пабудаваць дом-музей Т. Хадкевіча. А Цэнтральная раённая бібліятэка носіць яго імя.
Лёс звычайнага сялянскага хлопчыка нельга назваць простым, але пакінутая ім творчая спадчына сведчыць аб тым, што праца на літаратурнай ніве была плённай і значнай.
І сёння яго імя стаіць побач з імёнамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў.
Першы верш Т. Хадкевіча «Да новага жыцця» з’явіўся ў насценнай газеце падчас вучобы ў Валынецкай сямігодцы. Далей была вучоба ў Полацкім педагагічным тэхнікуме і Мінскім педінстытуце. Яе ён сумяшчаў з работай у газетах «Чырвоная змена», «Чырвоная Полаччына», «Звязда».
Свае вершы пісьменнік пачаў друкаваць у 1925 годзе ў часопісе «Малады араты». Пабачыў свет зборнік яго вершаў «Смялей, таварыш».
У 1927 годзе Т. Хадкевіч атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларускай ССР, быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знакам пашаны», медалямі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Тарас Хадкевіч прымаў удзел у баях пад Вялікімі Лукамі, Тарапцом. Быў паранены і трапіў у палон, адкуль яму давялося збегчы толькі з трэцяй спробы.

Удзельнікі сустрэчы.

Аповесць пасляваеннага часу «Братэрства» стала, па-сутнасці, першым беларускім творам, у якім расказвалася пра інтэрнацыянальную салідарнасць людзей, што апынуліся ў фашысцкіх засценках. У аповесці «Вяснянка» і рамане «Даль палявая» адлюстравана жыццё калгаснай вёскі, а апошні раман — «Песня Дзвіны» прысвечаны людзям новабудоўляў. Працуючы над творамі, пісьменнік любіў паўтараць: «Тэма для пісьменніка — яго лёс». Лёсам Тараса Хадкевіча стала яго Радзіма: «Нізкі паклон табе, мая Радзіма, калыска майго маленства, невычэрпная радасць маіх сталых год! Я шмат блукаў па тваіх берагах… І ўсё, што бачыў і чуў, здаецца мне адной быстраплыннай песняй, Тваёй песняй, родная Дзвіна…».
Пісьменнік ніколі не забываўся пра сваю малую радзіму, часта бываў тут, прывозіў з сабой дзяцей.
У стогадовы юбілей на радзіму свай-го бацькі, у в. Шайцерава прыехалі Леанід і Вета Хадкевічы разам са сваімі сям’ямі.
Госці пабывалі ў Шайцераўскай сярэдняй школе. Тут беражліва захоўваюць памяць аб сваім знака-мітым земляку. У класе беларускай мовы створаны куток, дзе размешчана шмат фотаздымкаў пісьменніка, яго творы, падпісаныя асабіста, рукапісы.
А ў Шайцераўскім клубе разгарнуліся выстава народнай творчасці землякоў Т. Хадкевіча, на якой былі прадстаўлены малюнкі, вязаныя і вышытыя рэчы, кніжная выстава жыцця і творчасці пісьменніка-земляка «Ты сэрца нам сваё пакінуў».
Падчас мерапрыемства са сцэны гучалі вершы, песні, гледачам быў прапанаваны ўрывак з аповесці «Вяснянка».
Госці былі прыемна крануты цёплым прыёмам, захаваннем і ўшанаваннем памяці аб іх бацьку.
-Ён вельмі любіў гэтую старонку, — успамінаў Леанід Тарасавіч, — прыязджаў кожны год. І мы з сястрой стараемся па-магчымасці наведвацца сюды.
У якасці падарункаў Леанід і Вета прывезлі экспанаты для будучага музея, якія, несумненна, зоймуць у ім пачэснае месца — некаторыя асабістыя рэчы пісьменніка, рукапіс аповесці «Вяснянка», які іх бацька пісаў у в. Шайцерава ў 1947 годзе. А таксама кнігі з асабістымі подпісамі, якія падаравалі калісьці Тарасу Хадкевічу яго сябры-пісьменнікі. Ад сябе асабіста Леанід Хадкевіч паабяцаў усебаковую дапамогу будучаму музею.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *