У 2011 годзе, як і раней, работа міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету была накіравана на ажыццяўленне кантролю за захаваннем прыродаахоўнага заканадаўства, выяўленне фактаў браканьерства, незаконнага і негаспадарчага выкарыстання прыродных рэсурсаў, папярэджанне правапарушэнняў у дадзенай сферы. Прычым, гэта работа вялася комплексна, з задзейнічаннем наяўных сіл і сродкаў, на падставе рэгулярнага аналізу выяўленых правапарушэнняў. Ішоў актыўны абмен інфармацыяй аб экалагічнай абстаноўцы з праваахоўнымі і іншымі прыродаахоўнымі структурамі.
Трэба мець на ўвазе, што ў зоне абслугоўвання інспекцыі знаходзіцца не толькі наш раён, але і Расонскі. Агульная плошча паляўнічых угоддзяў складае 348 тысяч гектараў, налічваецца 220 вялікіх і малых азёр, каля 20 рэк і рэчак.
За год сіламі інспекцыі праведзена 170 прыродаахоўных рэйдаў, у ходзе якіх выяўлены 232 парушэнні заканадаўства. У тым ліку 121 парушэнне Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, 21 — Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, 35 іншых парушэнняў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 218 чалавек. Штрафныя санкцыі склалі 29,75 млн рублёў, прад’яўлена шкоды на суму 63,9 млн рублёў.
Акрамя таго, парушальнікі пазбавіліся 13 адзінак агнястрэльнай зброі (у тым ліку 4-х незарэгістраваных), 172 сетак агульнай даўжынёй 8,9 км, 39 іншых сродкаў палявання і 123 іншых забароненых сродкаў рыбнай лоўлі. Канфіскавана 2235 кілаграмаў незаконна здабытай дзічыны і 213,4 кг рыбы.
Да крымінальнай адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства прыцягнута 12 чалавек.
Хочацца яшчэ раз напомніць, што праблемы забеспячэння экалагічнай бяспекі не могуць быць вырашаны намаганнямі толькі дзяржаўных органаў. Залог поспеху — у цесным супрацоўніцтве з насельніцтвам. Летась на тэлефон «гарачай лініі» паступіла ад нераўнадушных людзей 49 паведамленняў, дзякуючы чаму мы змаглі выявіць 61 парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Напамінаем нумар «гарачага» тэлефона: 5-73-13. І спадзяёмся на далейшую сумесную работу па захаванні нашых цудоўных лясоў, рэк і азёр, іх насельнікаў.
В. ГАНЧАРОНАК,
дзяржінспектар Верхнядзвінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.