Боркавіцкі ліцэй зноў увайшоў у лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, які праводзіўся сярод вучэбных устаноў прафтэхадукацыі краіны.
Адметна, што наш ліцэй становіцца прызёрам такога прэстыжнага конкурсу ўжо трэці год запар. На гэты раз быў атрыманы дыплом І ступені. За выраб навяснога гідрапад’ёмнага абсталявання — гідрапад’ёмніка, пагрузчыка і малакаўшовага экскаватара — для трактараў малой магутнасці. Распрацаваў і вырабіў мадэлі выкладчык дысцыплін прафесійнага цыклу Міхаіл Вячаслававіч Конан — вынаходнік і рацыяналізатар, майстар-«залатыя рукі».
Дзякуючы творчаму падыходу і майстэрству кіраўнікоў гурткоў па прыкладному мастацтву Людмілы Аляксандраўны Пятніца і Валянціны Паўлаўны Мацюшонак ліцэй быў яшчэ ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені — за захаванне і адраджэнне народных традыцый у беларускім ткацтве. Цудоўныя рушнікі, сурвэткі, сумкі і льняныя лялькі сталі эксклюзіўнымі экспанатамі конкурснай выставы.
Творчыя работы боркавіцкіх умельцаў прадстаўлены на такі ж конкурс і сёлета — зараз праходзіць яго абласны этап.