17 красавіка спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння нашага земляка паэта Эдуарда Зубрыцкага.
Эдуард Зубрыцкі нарадзіўся 17 красавіка 1942 года ў вёсцы Шклянцы Докшыцкага раёна. У яго бацькоў Язэпа Антонавіча і Ядвігі Адольфаўны гадавалася чацвёра сыноў, малодшым з якіх і быў Эдзік. Падчас нямецкай акупацыі бацька трапіў у палон і быў вывезены ў Германію, адкуль вярнуўся праз год пасля заканчэння вайны. Маці ўвесь гэты час адна вяла гаспадарку і гадавала дзяцей.
Эдуард вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, дзесяцігодку скончыў у Бярозках, што за тры кіламетры ад Шклянцаў. Захапляўся беларускай літаратурай, гаварыў на мове бацькоў і спрабаваў пісаць вершы.
Першыя паэтычныя творы Эдуарда Зубрыцкага былі надрукаваны ў 1960 годзе ў Бягомльскай раённай газеце «Савецкі патрыёт» і часопісе «Маладосць». Эдуард Зубрыцкі паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна. Выкладчыкамі і творчымі настаўнікамі ў яго былі Ніл Гілевіч і Алег Лойка.
Вершы паэта друкавалі «Чырвоная змена», «Звязда», «ЛіМ», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь». А пасля службы ў арміі Эдуард Зубрыцкі прэзентаваў першую сваю аповесць «Суэма», надрукаваную ў часопісе «Маладосць» пры садзейнічанні пісьменніка Міхася Стральцова.
Рэдактарам першага паэтычнага зборніка «Блакітныя казкі», які выйшаў у 1975 годзе, стаў аднакурснік і сябра Эдуарда — паэт Хведар Чэрня. Шмат вершаў змяшчалася ў альманахах «Універсітэт патэтычны», «Натхненне», «Дзень паэзіі», «Агледзіны», «Віцебшчына літаратурная», рэспубліканскіх газетах. У 2001 годзе раённай бібліятэкай была выдадзена кніга «Птушка з водсветам заранкі». У 2005 годзе адна за другой выходзяць кнігі «Мне б хоць кропельку неба» і «Рабінавыя астравы». Ураджайным стаў і 2006 год: кнігі «Журлівіца», «След чмяля», праз год «Прычашчэнне» і «Сцяблінка баравая». У 2008 годзе выходзяць кнігі «Опаленная птица» і «Суэма». У Эдуарда Зубрыцкага — члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, прызнанага творцы, паэта ад родных ніў было шмат задум і планаў. Але лёс няўмольны — у 2009 годзе Эдуард Зубрыцкі пайшоў з жыцця, пакінуўшы светлую памяць і багатую творчую спадчыну.
Для нас, калектыву рэдакцыі, яна асабліва дарагая. На кожнай кнізе, падоранай паэтам, цёплыя надпісы: «Калектыву роднай «раёнкі», любай сэрцу «Дзвінскай праўды», дзе прайшлі мае юныя леты і прыйшла мая творчая сталасць». Сапраўды, Эдуард Зубрыцкі аддаў газеце ўсё сваё працоўнае жыццё, шмат друкаваўся, вёў літаратурную старонку «Дзвінскія заранкі». З адыходам паэта ў маладых творцаў не стала мудрага і справядлівага настаўніка і крытыка. Але ёсць творчая скарбонка, якая вучыць і натхняе аматараў паэтычнага слова. І ў бліжэйшы час мы з дапамогай вядомага творцы Антона Бубалы адновім выпуск літаратурнай старонкі, на якой падрабязней раскажам аб спадчыне паэта і надрукуем вершы сённяшніх аўтараў.
Эдуарду Зубрыцкаму
Пра што пяе душа паэта?
Пра водбліск сонечнага лета,
Пра пыл няходжаных дарог,
Пра тое, як ён не збярог
Цяпло даверлівай рукі.
Яшчэ аб тым, як жаўрукі,
Увышыню ўзняўшы крылы,
Над полем матчыным кружылі,
І як яго душа лунала,
І зіхацела, і спявала,
І як хацела прызямліцца,
Каб з кубка матчына напіцца,
Ды заблытала ў аблоках
І паляцела ў край далёкі,
Дзе зажурыла ў адзіноце,
Замерла ў ціхае самоце.
Але не знікла, не змарнела,—
Яна ж у вырай адляцела,
Каб увясну да нас вярнуцца
І з жаўрукамі захліпнуцца
Шчаслівай песняй маладосці,
Якая ўзрадуе кагосьці
І верне з цемры забыцця
Да веры й новага жыцця!
Калектыў рэдакцыі газеты
«Дзвінская праўда».