Са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова!

Актуально

Айцец ТАДЭВУШ,
пробашч Верхнядзвінскага касцёла Нараджэння Панны Марыі

Дарагія браты і сёстры!
Тое, што здарылася ў Велікодную раніцу, вельмі ўразіла жаўнераў, якія сцераглі гроб. Спалохаліся і вельмі здзівіліся жанчыны, якія жадалі намасціць памерлае цела Настаўніка. Нават Апосталы нічога не разумелі і з вялікім хваляваннем пабеглі да магілы. Яны ўбачылі: «Палотны, якія там ляжалі, і хустку, якая была на галаве Ягонай, ляжала яна асобна, скручаная на іншым месцы». Калі тое ўбачылі, то паверылі: «Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых».
Многа разоў на старонках Евангелля сустракаемся са сведчаннямі недахопу веры Апосталаў альбо з іх недасведчанасцю. Бывала нават так, што баяліся аб чым-небудзь запытаць у Настаўніка, хоць і не вельмі ведалі, што Ён мае на ўвазе. Калі некаторыя словы і дзеянні Езуса прыводзілі Вучняў у збянтэжанасць, то смерць Настаўніка справакавала хаос і шок. Нават пусты гроб Езуса выклікае спачатку нейкую паніку. І толькі праз хвіліну, калі разгледзеліся, калі ўбачылі палотны і хусткі, зразумелі, што здарылася…
Не здзіўляйцеся, Браты і Сёстры, што мала разумеем і мы ў справах веры. Вучні таксама не разумелі, хоць ім столькі разоў паўтараў Настаўнік. Мы вучымся веры на працягу ўсяго жыцця, увесь гэты час знаходзімся ў школе веры. Нездарма 2012 год Папа Рымскі аб’явіў Годам Веры.
Браты і Сёстры, няхай гэта Пасха будзе для ўсіх нас выдатнай школай веры, каб Дух Змёртвыхпаўсталага Езуса Хрыста дакрануўся да глыбіні нашых душ. Няхай Хрыстус спадарожнічае вам у асабістым сямейным і грамадскім жыцці. Няхай Ён будзе ў вашай штодзённай працы і адорыць поспехам. І як вясна ажыўляе зямлю, так няхай ажывуць вашы душа і цела.
Хрыстос Уваскрос! Хрыстос жыве!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *