Дзень Свята-Мікалаеўскай царквы

Актуально Духовность

Нядаўна праваслаўныя вернікі адзначылі вялікае свята — Дзень Свяціцеля Мікалая. А прыхаджане Свята-Мікалаеўскай царквы ў гэты дзень адначасова святкавалі чарговую гадавіну свайго храма.

…А восьмай гадзіне раніцы пачалося асвячэнне вады . Мікалаеўская вада мае цудадзейную гаючую сілу. Шмат людзей беражліва неслі яе потым дамоў.
Неўзабаве ўсе віталі архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які заўсёды імкнецца наведаць Верхнядзвінск у гэты дзень. Прыехаў Уладыка ў суправаджэнні святароў і манахінь — удзельніц хору Полацкай епархіі.
Сустракаючы высокага госця, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч падзякаваў за духоўнае ўзбагачэнне, якое атрымлівае верхнядзвінскі край ад кожнага такога візіту. Паведаміў, што ў раёне завершана сяўба — няхай пад Боскім благаславеннем спее добры ўраджай. І ўручыў Уладыку кветкі.
На святочным Богаслужэнні прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. Г. Кісялевіч, галоўны спецыяліст аддзела А. Г. Татарчук, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.
Урачыстае Богаслужэнне вялі ўсе святары. Асабліва сцішвалася царква, калі пад яе вышыні ўзносіўся голас архіепіскапа Феадосія. У сваёй пропаведзі ён гаварыў: «Чалавек жыве тым, што аддае, а не тым, што атрымлівае». Заклікаў вернікаў быць саўдзельнікамі дабрачыннасці па прыкладу членаў верхнядзвінскага сястрынства, якія наведваюць бальніцы, прытулкі, інтэрнаты, дапамагаюць словам і справай. За працу ў імя святой царквы ўручыў грамату Епархіі настаяцелю храма протаіерэю Валянціну Вабішчэвічу.
Абавязковым атрыбутам гэтага Богаслужэння з’яўляецца Хрэсны ход. Іконы і царкоўныя харугвы плылі над людскім патокам, які тройчы абыйшоў вакол царквы.
Архіепіскап благаславіў верхнядзвінцаў на стваральнае жыццё з Богам у сэрцах.
Людміла АРЛОВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *