Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост (як-ніяк, пераваліла за дзевяноста), Анатоль Аляксеевіч Костык захаваў выдатную памяць. Упэўнена называе даты, лічбы, гарады і вёскі краіны, якая некалі звалася Савецкім Саюзам. А пабываць яму давялося ў розных кутках вялізнай дзяржавы.
23 верасня 1940 года ўраджэнец вёскі Гараўцы Дзёрнавіцкага сельсавета Анатоль Костык апрануў салдацкі шынель і стаў байцом 240 стралковага палка, які дыслацыраваўся ў Куйбышаве. З месяц вывучаў статуты, зброю, маршыраваў па пляцы. І нечакана атрымаў накіраванне ў Чкалаўскую школу санінструктараў.
Размеркаванне выпускнікоў адбылося ў сан-упраўленні Маскоўскай ваеннай акругі. Сябры Анатоля раз’ехаліся па розных часцях, сам ён — у 10-ю брыгаду парашутна-дэсантных войскаў, што на той час базіравалася ў Іванаўскай вобласці. А на заходняй граніцы ўжо грымелі баі…
-Ноччу нас узнялі па трывозе, — успамінае Анатоль Аляксеевіч, пераапранулі ва ўсё новае і пасадзілі ў самалёты. Прызямліліся ля Мцэнска. Немцы ўжо бамбілі горад.
Дэсантнікам стаць мне не было наканавана, пасля перафарміроўкі трапіў у артылерыйскі дывізіён, які займаў пазіцыі па Варшаўскай шашы, на подступах да Масквы.
Якія там ішлі баі, пасляваенныя пакаленні ведаюць з кніг і кінафільмаў, а мне самому давялося адчуць жах несупынных бамбёжак і артабстрэлаў.
Мінула шмат гадоў, але і сёння Анатоль Аляксеевіч з жалем і горыччу нагадвае, што параненыя ішлі патокам. Ён ледзь паспяваў аказваць ім першую дапамогу. Пакуль самому не перабіла асколкамі абедзве нагі.
-Падабралі мяне, можна сказаць, выпадкова — у гарачцы бою маглі і не заўважыць. Ачуняў у спартыўнай зале Падольскага пяхотнага вучылішча, ператворанага ў шпіталь. Але пачалася гангрэна, і мяне адправілі для лячэння ў Арзамас. Быў вельмі слабы, бо страціў шмат крыві, часта губляў прытомнасць. У чарговы раз прыйшоў у сябе на цюфяку ля вакзала горада Алма-Ата.
Некалькі месяцаў Анатоль Костык лячыўся. Калі стаў на ногі, папрасіўся на фронт. Але прысуд камісіі — абмежавана годны. Пасля чарговага звяртання ў мясцовы ваенкамат нечакана стаў… супрацоўнікам дзяржбяспекі, дакладней, дзяжурным на радыёстанцыі.
На радзіму вярнуўся толькі ў пераможным сорак пятым. І адразу пачаў ставіць дом, бо маці і сястра жылі ў зямлянцы. Затым працаваў на будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў, скончыў школу механізацыі.
-Калгас «Культурная рэвалюцыя», — гаворыць Анатоль Аляксеевіч, — вырошчваў па тым часе 150 гектараў даўгунцу. На абмалоце людзі мяняліся, а я завіхаўся днём і ноччу, бо да майго трактара была прычэплена малацілка, адзіная на ўсю акруга.
«Узнагарода знайшла героя» — выраз, можна сказаць, шаблонны. Але ў адносінах да Анатоля Аляксеевіча падыходзіць як нельга лепш. Праз некалькі гадоў пасля вайны ён атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені — за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры абароне Масквы. А яшчэ праз пэўны час — ордэн Айчыннай вайны першай ступені.
Цяпер Анатоль Аляксеевіч жыве ў Валынцах, чакае пісьмаў ад сына Сяргея, які скончыў Ташкентскае вышэйшае агульнавайсковае вучылішча, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам.
М. КАТКОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: А. А. Костык, 1940 год; у шпіталі г. Алма-Ата з медсястрой Галінай, 1942 год.