Нядаўна адбылася раённая навуковая вучнёўская канферэнцыя «Жывая памяць», прысвечаная 200-годдзю Айчыннай вайны 1812 года.
Рэфераты юных гісторыкаў засведчылі, што школьнікі ўмеюць працаваць з дакументамі і выступаць перад аўдыторыяй, выкарыстоўваючы мультымедыйныя ілюстрацыі. Аднак журы адзначыла, што распрацоўкам бракуе свежых самастойных даследаванняў. Большасць дакладчыкаў засяродзілі сваю ўвагу на Клясціцкай бітве, карыстаючыся даўно вядомымі публікацыямі і ілюстрацыямі, і толькі адзінкі мімаходзь закранулі падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Верхнядзвіншчыны. Каб запоўніць «белыя плямы» у ведах аматараў гісторыі, друкуецца гэты артыкул. Ён напісаны з выкарыстаннем розных крыніц і не прэтэндуе на ўсеахопнасць, што абумоўлена газетным фарматам. Больш падрабязна, у адпаведнасці з задумай, разглядаюцца падзеі, якія адбываліся ў нашых мясцінах; пытанні агульнай стратэгіі выкарыстаны ў якасці «каркаса» для прывязкі мясцовага матэрыялу. Той, хто захоча паглыбіцца ў дэталі апісаных падзей, знойдзе іх у дастатковай колькасці ў публікацыях Інтэрнэту.
Галоўны напрамак. Дрыскі ўмацаваны лагер. Імператар у Дрысе
Захапіўшы Вільню, Напалеон узнамерыўся ажыццявіць удар на Расію адразу па двух напрамках: на Маскву і на Пецярбург. На Маскву з Вільні выпадала рухацца праз Полацк і Віцебск. Гэта быў галоўны напрамак нашэсця.
Абедзве рускія арміі апынуліся ў пагражальным стане. Пад імклівым націскам праціўніка 1-я армія Барклая ледзьве паспела сабраць раскіданыя на вялікай тэрыторыі — ад Балтыкі да Ліды — падраздзяленні і, выйшаўшы 26 чэрвеня з Вільні, 10 ліпеня прыбыла ў Дрыскі ўмацаваны лагер, дзе цар Аляксандр І планаваў адбівацца ад напалеонаўскіх войскаў. Лагер быў пабудаваны па плане генерал-лейтэнанта Фуля.
Карл Людвіг Аўгуст Фуль (Пфуль) служыў у прускім генеральным штабе ў чыне палкоўніка, але ў 1806 г. перайшоў на службу ў рускую армію, у якой падняўся да чыну генерал-лейтэнанта, хоць і ніколі не служыў у дзеючай арміі і не меў каманднага вопыту. Фуль на працягу некалькіх гадоў выкладаў Аляксандру I асновы ваеннага мастацтва.
Ён быў адукаваным, разумным чалавекам, з глыбокай тэарэтычнай падрыхтоўкай, але абсалютна адарваны ад практычных ведаў. Фуль меў рэпутацыю вядучага ваеннага тэарэтыка і карыстаўся поўным даверам рускага цара. Аляксандр I даручыў яму скласці план вядзення кампаніі супраць Напалеона.
Пры гэтым ніякай актыўнай функцыі самому Фулю даручыць было нельга, бо за шэсць гадоў жыцця ў Расіі ён так і не асвоіў мовы, дрэнна ўяўляў агульную арганізацыю рускай дзяржавы і рускай арміі, магчыма, у сілу замкнёнага характару, нават не быў знаёмы з вышэйшымі чынамі рускай арміі.
Публікаваліся звесткі, што практычны прусак, плануючы размяшчэнне Дрыскага лагера, хацеў спалучыць карыснае з прыемным: паблізу быў маёнтак ягонай цешчы.
У лагеры планавалася размясціць 120-тысячную армію, якая ў фронт сустрэла б французаў. Але ў лагеры войскі 1-й арміі заставаліся лічаныя дні. Нязручнасці гэтага лагера былі настолькі відавочныя, што ніхто не сумняваўся ў іх, акрамя самога Фуля. Знаходзячыся ўбаку ад усіх галоўных шляхоў, умацаваны лагер не прыкрываў ніводнага з іх непасрэдна. У тактычных адносінах ён таксама быў зусім нявыгадны.
Умацаваны Дрыскі лагер знаходзіўся ў лукавіне Дзвіны паміж горадам Дрысай і вёскай Шатрова на прасторы каля чатырох вёрст у даўжыню і трох вёрст ушыркі. Умацаванні складаліся з трох ліній люнетаў і рэдутаў. Наперадзе першай лініі была створана суцэльная перашкода з частаколу-палісадаў і пераносных засек. Засекі мелі мэтай прыкрываць пазіцыі з боку блізкага лесу і ўзвышша, што панавала над бліжнімі ўмацаваннямі. Рэдуты другой лініі былі злучаны між сабой частаколамі. Частаколы яшчэ і прыкрывалі ўмацаванні другой і трэцяй ліній. Рэдуты мелі ўнутраную прастору ў даўжыню да трыццаці, а ў шырыню да пятнаццаці сажняў, і былі прыстасаваны толькі для ружэйнай абароны; але між некаторымі з іх знаходзіліся батарэі, прыкрытыя валамі — эпалементамі. Для сувязі з супрацьлеглым берагам Дзвіны служылі чатыры масты, з якіх два за цэнтрам умацаванага лагера і па адным — паміж цэнтрам і флангамі; усе яны былі прыкрытыя берагавымі ўмацаваннямі — тэт-дэ-понамі.
Умацаванні Дрыскага лагера, якія каштавалі значных сродкаў і працы, не маглі служыць планаванай мэце — упартай абароне і актыўным дзеянням супраць французаў. Наадварот, войскі, якія займалі ўмацаваны лагер, траплялі пад небяспеку быць разбітымі альбо абложанымі прадпрымальным праціўнікам. Лес, які знаходзіўся за поўвярсты ад левага крыла пазіцыі рускіх, садзейнічаў непрыяцелю наблізіцца да яе і павесці атаку сканцэнтраванымі сіламі. Сам лагер быў зрэзаны глыбокімі ярамі, што абцяжарвала зносіны паміж часцямі войскаў і рух рэзерваў; спускі да мастоў былі надзвычай нязручнымі. Некаторыя з умацаванняў не забяспечвалі адно аднаму абароны і ўсе наогул мелі слабы профіль. Тры маставыя ўмацаванні былі надта цесныя і дэфіляваныя так дрэнна, што з вышынь, якія ляжалі ад іх за некалькі соцень крокаў, можна было бачыць рух па іх кожнага чалавека. Акрамя таго, размяшчэнне ўмацаванага лагера ўбаку ад галоўных шляхоў садзейнічала непрыяцелю пераправіцца праз неглыбокую ў гэтых мясцінах Дзвіну вышэй альбо ніжэй Дрысы і, абыйшоўшы лагер з тылу, аблажыць войскі, якія ў ім знаходзіліся, і паставіць іх у самае небяспечнае становішча.
Выслухаўшы думкі сваіх дасведчаных дарадцаў, цар 9 ліпеня выехаў у лагер з сваёй світаю, у якой знаходзіўся і Фуль. Хібы лагера былі настолькі відавочныя, што цар страціў давер да свайго былога настаўніка. Аднак у сувязі з тым, што ў гэты дзень Расія святкавала якраз гадавіну Палтаўскай бітвы, Аляксандр І выдаў цалкам ухвальны загад, каб усяліць у сэрцы ваяроў упэўненасць, што «ўсё ідзе па плану».
13 ліпеня на ваеннай радзе ў Бялькоўшчыне генералам удалося пераканаць цара ў абсурднасці ідэі, разлічанай на франтавое сутыкненне з праціўнікам. Пасля наведвання лагера былі прынятыя важныя рашэнні па дадатковым наборы ў войска і ўмацаванні тылоў. Звесткі ж аб наступальным руху французаў на Докшыцы і Глыбокае прымусілі кардынальна змяніць план вайны. Новая стратэгія патрабавала ад абедзвюх армій адступаць і як мага хутчэй злучыцца для сумесных дзеянняў супраць ворага.
Новая стратэгія. Гонка на доўгай дыстанцыі
У сувязі з новай стратэгіяй было вырашана пакінуць недабудаваную Дынабургскую крэпасць (цяперашні Даўгаўпілс), а Першай арміі адыходзіць на Полацк. 14 ліпеня армія пераправілася на правы бок Дзвіны, размясціўшыся ад Балін да Дрысы. На левым беразе былі пакінуты толькі 2-і і 3-і кавалерыйскія карпусы, якія засталіся для назірання за непрыяцелем. Авангард 1-га пяхотнага корпуса князя Вітгенштэйна пад начальствам генерала Кульнева стаў каля Прыдруйска. Пасля завяршэння пераправы Першая армія рушыла на Полацк. Корпус Вітгенштэйна размясціўся ў Пакаёўцах. Перад ім ставілася мэтай не прапусціць французаў на Піцер.
У Полацку Аляксандр І пакінуў армію, перакананы ў неабходнасці ад’езду настойлівымі просьбамі саноўнікаў і сям’і. 20 ліпеня руская армія працягнула адступленне на Віцебск. Старанны генерал і асцярожны стратэг Барклай адступаў пад націскам пераўзыходных сіл амаль усёй Еўропы і гэтым дужа раздражняў Напалеона, зацікаўленага ў як мага хутчэйшай генеральнай бітве.
2-я руская армія (да 45 тысяч) пад камандаваннем Баграціёна на пачатку размяшчалася пад Гроднам, за 150 км ад 1-й арміі Барклая. Спачатку Баграціён рушыў на злучэнне з асноўнай 1-й арміяй, але, калі ён дасягнуў Ліды, было ўжо позна. Яму давялося адыходзіць ад французаў на поўдзень. Каб адрэзаць Баграціёна ад галоўных сіл і знішчыць, Напалеон паслаў наперарэз яму маршала Даву з сіламі да 50 тысяч салдат. Даву рушыў з Вільні на Мінск і заняў яго 8 ліпеня. Тымчасам з захаду на Баграціёна наступаў Жэром Банапарт з чатырма карпусамі, якія перайшлі Нёман пад Гроднам. Напалеон імкнуўся не дапусціць злучэння рускіх армій з мэтай разбіць іх паасобку. Баграціён імклівымі маршамі і паспяховымі ар’ергарднымі баямі адарваўся ад войск Жэрома, зараз ягоным галоўным праціўнікам стаў маршал Даву.
19 ліпеня Баграціён знаходзіўся ў Бабруйску, у той час як Даву 21 ліпеня заняў перадавымі часткамі Магілёў, г.зн. французы апераджалі Баграціёна, заняўшы пазіцыі паміж двума рускімі арміямі. Баграціён, падыйшоўшы да Дняпра на адлегласці 60 км на поўдзень ад Магілёва, 23 ліпеня паслаў корпус генерала Раеўскага супраць Даву з задачай адкінуць французаў назад ад Магілёва і выйсці на дарогу на Віцебск, дзе па плану рускія арміі павінны былі злучыцца. У выніку бою пад Салтанаўкай Раеўскі затрымаў рух Даву на ўсход, на Смаленск, але шлях на Віцебск быў запёрты французамі. 25 ліпеня Баграціён без памех фарсіраваў Дняпро пад Нова-Быхавам і накіраваўся на Смаленск. Даву ўжо не меў сіл праследаваць 2-ю армію рускіх, а войскі Жэрома Банапарта безнадзейна адсталі ў пераадоленні лясіста-балоцістай мясцовасці Беларусі.
1-я ж руская армія 23 ліпеня прыйшла ў Віцебск, дзе Барклай хацеў прычакаць Баграціёна. Каб перашкодзіць руху французаў, ён выслаў 4-ы корпус Остэрмана-Талстога насустрач авангарду праціўніка. 25 ліпеня адбыўся бой каля Астроўна, які працягваўся і на наступны дзень. 27 ліпеня, даведаўшыся пра набліжэнне галоўных варожых сіл і немагчымасць для Баграціёна прарвацца на Віцебск, Барклай адступіў к Смаленску. 3 жніўня абедзве рускія арміі злучыліся пад Смаленскам, дасягнуўшы такім чынам першага стратэгічнага поспеху. У вайне наступіла невялікая перадышка, абодва бакі прыводзілі ў парадак войскі, стомленыя бесперапыннымі маршамі.
Дасягнуўшы Віцебска, Напалеон спыніўся, каб даць адпачынак войску пасля 400 кіламетраў наступлення пры адсутнасці баз забеспячэння. Заваёўнік Сусвету меў час абдумаць далейшую стратэгію пакарэння Расіі, але 12 жніўня Напалеон выступіў з Віцебска на Смаленск, падпісаўшы сабе гэтым ракавы прысуд.
Антон Бубала,навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).