Спасцігалі воінскую службу

Актуально Общество

Завяршыліся ваенна-палявыя вучэбныя зборы дапрызыўнай моладзі раёна, у якіх прынялі ўдзел вучні 10-х класаў усіх школ.

Вучымся трапна страляць.

-Па хадайніцтву ваеннага камісара раёна Ю. С. Венгера камандаванне Полацкага пагранатрада прадаставіла для правядзення збораў базы аддзела пагранічнай службы «Верхнядзвінск» і пагранзаставы «Бігосава», — расказвае куратар збораў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А. В. Шыпіла. — На пагранзаставе спасцігалі воін-скую службу вучні Бігосаўскай СШ, а ў АПС «Верхнядзвінск» — абодвух гарадскіх школ, гімназіі, а таксама Прыдзвінска-Бароўскай і Шайцераўскай СШ. Дапрызыўнікі другіх сельскіх школ з-за транспартных праблем праходзілі зборы на месцах, пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў ваеннай справы.
Праграма збораў была насычанай, уключала найбольш значныя аспекты воінскай службы. Практычныя заняткі праводзілі пагранічнікі. Ефрэйтар Э. Даўгяла быў адказным за фізічную, страявую і агнявую падрыхтоўку. Юнакі авалодалі навыкамі разборкі і зборкі аўтамата Калашнікава, навучыліся страляць, выканалі нарматывы па абароне ад зброі масавага знішчэння.
Тактыку воінскай службы, воінскі Статут і сакрэты такой важнай для пагранічнікаў справы, як следапытства, рабяты спасцігалі з дапамогай старшых прапаршчыкаў А. Самуля і М. Баярына.
Агульную цікавасць і захапленне выклікалі заняткі, якія праводзілі кінолагі. Старшы прапаршчык В. Міхалачкіна са сваёй службовай сабакай па клічцы Злата прадэманстравала вучэбныя эпізоды затрымання парушальніка мяжы, выяўлення схаваных наркатычных сродкаў.
У праграму збораў уваходзіла і медыцынская падрыхтоўка. Дыпрызыўнікі павінны ведаць правілы аказання першай медыцынскай дапамогі. А як яны іх засвоілі пад кіраўніцтвам начальніка медпункта, прапаршчыка Н. Краўчонак, — выявіла масавая эстафета.
-Дапамагалі дапрызыўнікам у авалодванні «азоў» воінскай службы нашы лепшыя пагранічнікі, — заўважыла выконваючая абавязкі намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце АПС «Верхнядзвінск», лейтэнант Ю. Рыберт. — Сержант С. Жыгала, радавыя Р. Раманчук і Е. Іваноў ненамнога старэйшыя па ўзросту за гэтых хлопцаў. Але яны ўжо валодаюць воінскімі спецыяльнасцямі, фізічна моцныя і загартаваныя, ўпэўненыя ў сабе маладыя людзі. І такімі іх зрабіла пагранічная служба.
Відаць, таму і заявілі практычна ўсе ўдзельнікі збораў, што хацелі б праходзіць абавязковую службу менавіта ў пагранічных войсках. На завяршальным этапе збораў у АПС «Верхнядзвінск» прыехалі ўсе дапрызыўнікі раёна. Юнакі, якім пашчасціла там праходзіць воінскую практыку, хутка асвоіліся, ужо адчувалі сябе пагранічнікамі і сустракалі гасцей на правах гаспадароў. Школьнікам вельмі спадабаліся бытавыя ўмовы пагранічнікаў. Цікавіліся, як праводзяць вольны час, а хтосьці спытаў і пра «дзедаўшчыну»… На што прагучала абуранае: «Няма і ніколі не было, мы ж пагранічнікі!».
Начальнік аддзела пагранічнай службы падпалкоўнік А. Нарубін, выступаючы перад удзельнікамі збораў, зазначыў, што пагранвойскі па праву лічацца элітнымі падраздзяленнямі Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь. Стаць пагранічнікам — гэта гонар і адказнасць. Пажадаў юнакам поспехаў у вучобе, фізічным і маральным станаўленні, каб стаць дастойнымі абаронцамі сваёй Айчыны.
Л. ФЁДАРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “Спасцігалі воінскую службу

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *