Цэнтр аховы мацярынства і сямейных каштоўнасцей Беларускай праваслаўнай царквы на два тыдні прадаставіў нашаму раёну ўнікальную выставу інфармацыйных стэндаў адпаведнай тэматыкі, з якімі азнаёміліся вучні 8-11 класаў усіх школ.
Выстава была арганізавана ў рамках пагаднення паміж Полацкай епархіяй і аддзелам адукацыі райвыканкама аб узаемадзеянні ў духоўным выхаванні падрастаючага пакалення і дэманстравалася ў памяшканні СШ № 2. Усе 17 ролл-стэндаў былі аб’яднаны адным дэвізам: «Ратуй узятых на смерць!», накіраваным на абарону ненароджаных немаўлят, падтрымку сямейных каштоўнасцей.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Н. А. Усовіч, тут быў прадстаўлены выдатны дапаможны матэрыял для работы з маладзёжнай аўдыторыяй. Красамоўныя навуковыя, гістарычныя і медыцынскія факты гаварылі аб адносінах да дзетазабойства ў розных культурах чалавечай цывілізацыі. Пра вялікіх людзей, якія ў выпадку лёгкадумных адносін маці да перарывання цяжарнасці маглі б не узбагаціць свет сваімі талентамі.
Адметна, што знаёмілі старшакласнікаў раёна з экспанатамі выставы іх равеснікі — экскурсаводы СШ № 2. Адносіны да ўбачанага і пачутага былі самымі сур’ёзнымі і ўдумлівымі. Гэта сведчыць аб тым, што мэта выставы: пазбегнуць памылак у дашлюбных адносінах, берагчы сваё здароўе, імкнуцца наладзіць моцную сям’ю, — дасягнута!
Кожную группу наведвальнікаў выставы настаўлялі яшчэ пропаведзі праваслаўных святароў Валянціна і Уладзіміра.
Л. ФЁДАРАВА.