Дзень Незалежнасці ў Верхнядзвінску

Актуально Общество

Галоўнае свята нашай дзяржаўнасці адзначана ў раёне цэлым шэрагам адметных падзей і мерапрыемстваў. Напярэдадні прайшлі Дзень горада і фестываль «Двина-Дзвіна-Daugava», у нядзелю гасцей прымаў Курган Дружбы, а 3 ліпеня верхнядзвінцы і госці раёна сабраліся ў гарадскім скверы, каб аддаць даніну памяці вызваліцелям Беларусі і адкрыць мемарыял памяці воінам-інтэрнацыяналістам.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам адкрываюць (справа налева) І. І. Марковіч, М. Шаўчэнка і Ю. Венгер.

 

Сонечнае надвор’е, музыка, яркія фарбы сцяжкоў і кветак стваралі асобую, эмацыянальна ўзнёслую атмасферу ўрачыстасці. Удзел у ёй прымалі кіраўніцтва раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл і ваенных дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі грамадскасці, святары, госці і жыхары Верхнядзвіншчыны самага рознага ўзросту. Людзі прыйшлі на гэта знакавае месца нашай зямлі па поклічу сэрца — каб схіліць галовы перад мужнасцю воінаў і засведчыць сваю прыхільнасць міру — галоўнаму пастулату нашай дзяржаўнасці.
Звяртаючыся да землякоў і гасцей горада, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч адзначыў, што ў гісторыі кожнага народа ёсць падзеі, якія вызначаюць яго лёс. Для беларусаў такой датай з’яўляецца 3 ліпеня 1944 года — дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нездарма менавіта гэта дата стала дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Яна сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, свабоды над рабствам, дабра над злом. Нагадвае аб тым, што беларускі народ цаной неверагодных страт заваяваў свабоду і незалежнасць. Менавіта барацьба за вызваленне ад фашызму выявіла лепшыя рысы нацыянальнага характару: патрыятызм, свабодалюбства, веру і аптымізм.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў гэты дзень мы аддаём даніну памяці героям і ахвярам другой сусветнай вайны, усім, хто адстаяў права жыць на вольнай зямлі. Беларусы мужна змагаліся не толькі ў гады барацьбы з фашызмам. Нашы землякі дастойна выконвалі свой воінскі абавязак у час вайны ў Афганістане, якая пакінула невыказны боль. У гэты асобы дзень у Верхнядзвінску адкрываецца помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Ён стане яшчэ адной вехай гістарычнага шляху нашага раёна, месцам, дзе выразна разумееш сэнс паняццяў мужнасць, стойкасць, воінскі гонар, а яшчэ — важнасць міру на зямлі. Гэта галоўная заваёва, якая дае аснову шчаслівага жыцця.
І. І. Марковіч павіншаваў усіх са святам, пажадаў землякам міру, спакою і стваральнага шляху.


На ўрачыстасць прыбыў старшыня абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане В. А. Мацкевіч. Ён заўважыў, што воіны-афганцы перанялі ў старэйшага пакалення эстафету мужнасці. У цяжкай і працяглай вайне ўдзельнічала звыш 5 тысяч воінаў — ураджэнцаў Віцебскай вобласці, двое сталі Героямі Савецкага Саюза, 153 загінулі, выконваючы воінскі абавязак. Нельга дапусціць, каб аб гэтым забылі — памяць прымушае берагчы мір. В. А. Мацкевіч падзякаваў кіраўнікам і ўсім жыхарам раёна за ўвекавечванне памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Усяго ў афганскай вайне, якая доўжылася звыш 9 гадоў, ваявала 30 тысяч беларусаў, 800 з якіх вярнуліся дамоў «грузам 200». На палях бітвы загінулі нашы землякі Аляксандр Дзевяковіч, Аляксей Савіцкі, Міхаіл Шаўчэнка, Пётр Яроменак, Сямён Улашэвіч, Уладзімір Мяцеліца.
Як сказаў ваенны камісар раёна, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане падпалкоўнік Ю. С. Венгер, загінуўшыя воіны — гэта несуцешныя бацькі, няствораныя сем’і, ненароджаныя дзеці. Вельмі важна ўсведамляць глыбіню трагедыі вайны, захоўваць памяць і берагчы мір.
Цяжка было гаварыць аб сваім болі маці загінуўшага воіна Маі Сяргееўне Шаўчэнка. Сын пісаў ёй, што ваюе сумленна, усюды ідзе першым. Вось так першым, прыкрываючы таварышаў, ён і загінуў. Як сапраўдны воін, мужны і адважны чалавек. Гэта — той самы подзвіг, які здзяйсняюць людзі самага высокага гарту.
-Дзеля чаго вялася тая жорсткая вайна? — задаў пытанне краязнаўца А. Ф. Бубала. У нас не было з Афганістанам ніякіх рахункаў. У рабят — толькі воінскі абавязак, які яны выканалі да канца. Палітычныя памылкі можна паправіць, але немагчыма вярнуць жыцці тых, хто загінуў. Нам застаецца памяць і справа міру, каб такіх войнаў не ўзнікала, каб наогул не было ніякіх войнаў.
Помнік адкрываюць старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, маці загінуўшага воіна М. С. Шаўчэнка і ваенком раёна Ю. С. Венгер. У гонар воінаў гучыць салют і аб’яўляецца мінута маўчання. Да мемарыяла кладуцца вянкі і кветкі.
Ля мемарыялу адразу збіраюцца воіны-афганцы, падыходзяць бацькі з дзецьмі, моладзь. Бачна, што помнік успрыняты людзьмі душой — як месца нашай гісторыі і памяці, любові да землякоў, якія загінулі, выконваючы воінскі абавязак, сведчанне імкнення да мірнага і стваральнага жыцця.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “Дзень Незалежнасці ў Верхнядзвінску

  1. Память она священна. Забудем мы — забудут и про нас.Вечная память этим молодым ребятам….

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *