Карась коштам 200 тысяч

Экологическая страница "Крынічка"

Іншы раз проста здзіўляе прага асобных людзей да лёгкай нажывы. Маю на ўвазе браканьераў. Іх не палохаюць ні высокія штрафы, ні пагроза крымінальнай адказнасці. Мяркуйце самі. За веснавы перыяд забароны на лоўлю рыбы супрацоўнікі нашай інспекцыі сумесна з прыродаахоўнымі і праваахоўнымі органамі правялі 30 рэйдаў і выявілі 50 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Канфіскавана 1850 метраў сетак, 8 іншых забароненых прылад лоўлі, 77 кілаграмаў рыбы. За нанясенне навакольнаму асяроддзю шкоды ў буйным памеры і асабліва буйным памеры ўзбуджаны дзве крымінальныя справы.
Хто ж яны, нашы «героі»? Пакуль няма рашэння суда, прозвішчы не называюцца, абмяжуемся пакуль указаннем месца жыхарства. Дык вось, жыхар вёскі Клясціцы Расонскага раёна налавіў сеткамі на рацэ Нішча столькі рыбкі, што нанесеная прыродзе шкода склала 14 млн 100 тысяч рублёў.
На возеры Усвечча, што на Расоншчыне, «пазабаўляліся» з сеткамі двое мясцовых жыхароў. Забава ацэнена ў восем мільёнаў рублёў.
Як тут не напомніць ч. 1 арт. 15.35 КоАП РБ: здабыча рыбы або іншых водных жывёлін без належнага на тое дазволу, або ў забаронены час, або ў забароненых месцах, або забароненымі прыладамі і спосабамі, як і замах на такую здабычу, — цягнуць за сабой накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы.
Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 580 шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю ў час веснавой забароны на лоўлю рыбы, вылічаецца ў трайным памеры. Напрыклад, пры незаконнай здабычы аднаго ліня мінімальны штраф для парушальніка — 1 мільён рублёў плюс 600 тысяч за кампенсацыю нанесенай шкоды. Такім чынам адна рыбка вагой 200 грамаў можа зраўняцца па цане з некалькімі кілаграмамі чырвонай рыбы.
Не сунімаюцца браканьеры і летам. Так, 10 ліпеня ў час прыродаахоўнага рэйду на вадаёме ля в. Урагава былі затрыманы жыхар г. Наваполацка і жыхар пасёлка Лужасна Віцебскага раёна, якія лавілі рыбу сеткамі. Здабыча аказалася неблагой: 34 ляшчы, 66 залацістых карасёў, 12 акунёў, 4 гусцяры, 9 лінёў і 3 плоткі. Шкода — 18 млн 780 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа. І за адзін кілаграм незаконна здабытай рыбы браканьерам давядзецца заплаціць 853 тысячы рублёў, бо з 1 красавіка базавая велічыня, у адпаведнасці з якой робіцца разлік шкоды, значна павялічана. За аднаго карася залатога, ліня, незалежна ад іх вагі, шкода складае дзве БВ. Мінімальны штраф за рыбу, здабытую забароненымі прыладамі лоўлі, — 10 базавых велічынь. Калі шкода, нанесеная рыбным запасам, перавышае 40 БВ, прадугледжана крымінальная адказнасць.
Аб фактах браканьерства можна паведамляць па тэлефоне «гарачай лініі» — 5-73-13.
Ю. АПЕНЧАНКА,
начальнік Верхнядзвінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *