На нечарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне «Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый раёна да правядзення ўборкі ўраджаю зерневых, сяўбы азімых культур і ўздыму зябліва».
Аб важнасці ўборачнай кампаніі гаварыць лішні раз не прыходзіцца. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, гэта — задача не толькі хлебаробаў, але ўсяго народнагаспадарчага комплексу раёна. Бо ад выніку жніва залежыць асноўны гадавы даход, а значыць — наш агульны дабрабыт. Аб’ёмы работ чакаюцца немалыя: убраць трэба каля 26 тысяч гектараў зерневых, значныя плошчы рапсу, бульбы і льну, пасеяць каля 18 тысяч гектараў азімых культур, узняць 21 тысячу гектараў зябліва. Каб справіцца з імі, патрэбна мабілізацыя ўсіх сіл і сродкаў, поўная гатоўнасць тэхнікі, зернесушыльных і ачышчальных комплексаў, людскіх рэсурсаў. Прааналізаваць ступень падрыхтаванасці да жніва і патрабаваць тэрмінова выправіць упушчэнні, дапамагчы вырашыць праблемныя пытанні, прадугледзець меры па арга-нізаванаму правядзенню ўборкі, — такія задачы стаялі перад выканаўчай уладай падчас пасяджэння.
Выступаючы з інфармацыяй аб гатоўнасці аграпрома да ўборачных работ, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Л. К. Грэсько адзначыла, што жніво — гэта падвядзенне вынікаў нашага сумлення. Кожны можа ўбачыць, што зрабіў на працягу года, якія сілы ўклаў у справу. Асаблівасць уборкі, як і ўсіх асноўных палявых работ, у яе сцісласці. На жніво прырода адводзіць 10-14 дзён — менавіта ў гэты час колас самы цяжкі і ўраджайнасць найбольш высокая. Вось чаму спраўныя тэхніка, сушылкі і высокаарганізаваныя ўборачныя атрады маюць такое вялікае значэнне.
У раёне нагрузка на камбайн значная — 310 гектараў, што амаль удвая вышэй нормы. Асабліва адчувальная яна ў СП «Каханавічы», «Асвейскі», ААТ «Сакалоўшчына». Пры такім раскладзе недапушчальна марудзіць з падрыхтоўкай тэхнікі. Аднак да жніва поўнасцю гатовы толькі каля 70% камбайнаў. У многіх гаспадарках давядзенне да ладу і абкатку тэхнікі пакідаюць на апошнія дні. Гэта дрэнная звычка прыводзіць да аўралаў, не дае ўпэўненасці ў рытмічным ходзе ўборкі. Між тым, з пачаткам яе кожная хвіліна на ўліку, і губляць час на тыя работы, якія можна было зрабіць загадзя, недаравальна.
У раёне дастатковая колькасць зернесушыльных комплексаў, якія здольны забяспечыць у суткі прасушванне 3,5 тысячы тон збожжа. Гэта дазволіць справіцца з перапрацоўкай ураджаю. Аднак большасць зернеачышчальных машын даўно эксплуатуюцца, могуць не вытрымаць нагрузак. Таму вялікія надзеі сельгасвытворцы ўскладаюць на ўвод у строй сучаснага высокапрадукцыйнага зернеачышчальнага комплексу ў ААТ «Прудзінкі», мантаж якога завяршаецца. Комплекс будзе рыхтаваць элітнае насенне для гаспадарак нашага і іншых раёнаў вобласці.
Крытыцы былі падвергнуты СП «Дрысенскі», «Боркавічы» і «Лявонішана», дзе зернесушыльныя комплексы не падрыхтаваны да работы.
Увагу трэба ўдзяліць і складам, дзе будзе захоўвацца ўраджай. На слайдах прадэманстраваны зернесховішчы ААТ «Прудзінкі», якія ідэальна падрыхтаваны да прыёму ўраджаю. А вось склады ў «Вужыцы-Агра», «Нурава», «Дрысенскім» яшчэ патрабуюць гаспадарскай рукі.
З кожным годам у раёне змяншаецца колькасць працуючых, і гэта адбіваецца на фарміраванні ўборачных атрадаў. У сельскай гаспадарцы не хапае 90 механізатараў. Давядзецца далучаць да жніва работнікаў ААТ «Нафтан» і прадпрыемстваў раёна. Звычайна гарадскія працаўнікі з разуменнем ставяцца да ўборачнага прыпару і ахвотна дапамагаюць сялянам. Важна, каб яны прыступалі ўжо да работы, займаліся наладкай тэхнікі.
Характарызуючы асаблівасці сёлетняга года і віды на ўраджай, Л. К. Грэсько адзначыла, што ён не такі спрыяльны, як леташні, — чэрвеньскія ападкі прывялі да пераўвільготненасці палёў, вымачак, палегласці культур, ускладнілі работы па догляду пасеваў. Часткова загінуў яравы рапс, не вельмі ўдалым атрымаўся ячмень, ёсць праблемы з іншымі культурамі. Але там, дзе гаспадары рызыкавалі, інтэнсіўна даглядалі пасевы, змагаліся з палегласцю і хваробамі, — вынік будзе. У раёна ёсць усе шанцы ўзяць высокі рубеж па нарыхтоўцы збожжа, але для гэтага трэба якасна яго ўбраць.
Раённыя зажынкі плануецца правесці 24 ліпеня ў КУВСП «Лявонішана». Яны дадуць старт масаваму жніву. А пачынаць яго трэба ўжо ў гэтыя дні — абкатваць тэхніку, убіраць рапс. Дарэчы, сёлета мяняецца парадак яго прыёму — МЭЗ будзе забіраць рапс непасрэдна з пляцовак хлебапрыёмнага пункта.
Што датычыць ільну, то разлічваць сельгасвытворцы павінны толькі на сябе — льнозавод сёлета павялічыў пасевы на 200 гектараў і павінен справіцца з уласнымі плошчамі даўгунцу.
Для ўборкі бульбы ў раёне ёсць камбайны і бульбакапалкі, таму на бульбяным полі спатрэбіцца і дапамога студэнтаў, школьнікаў, гарадскога насельніцтва.
Уборка ўраджаю павінна праводзіцца ў комплексе з іншымі палявымі работамі: сяўбой азімых і ўздымам зябліва. Выканаць гэтыя работы належыць у сціслыя тэрміны: сяўбу азімага рапсу — з 5 па 15 жніўня, азімых зерневых — з 25 жніўня па 20 верасня, уздым зябліва — да 1 лістапада.
На пасяджэнні заслуханы справаздачы кіраўнікоў сельскіх гаспадарак і спецыялістаў аграпрома па гатоўнасці да жніва. Патрабавана завяршыць усе падрыхтоўчыя работы да 18 ліпеня. Абмеркаваны пытанні выканання раёнам дзяржзаказу па продажы сельгаспрадукцыі, арганізацыі і аплаты працы на жніве, дзейнасці абслугоўваючых арганізацый, шэфскай дапамогі сельскім гаспадаркам, ідэалагічнага забеспячэння жніва і іншыя.
Адзначана, што ў раёне ёсць вопыт хуткай мабілізацыі сіл для зладжанай работы на хлебнай ніве — ён павінен быць прыменены ў поўнай меры.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.