У дваццаць першы раз моладзь трох краін — Беларусі, Латвіі і Расіі — сабраў Міжнародны лагер «Бе-La-Русь», сёлета — пад дэвізам Kurgan kinofest 2012, каб зноў даказаць, што для сапраўднага сяброўства не існуе межаў.
Арганізатар сустрэчы — Цэнтральны Камітэт БРСМ — пастараўся зрабіць усё магчымае, каб яна прайшла ярка і запамінальна. Кожны год вызначаецца пэўная тэма, і сёлета цэнтральнай стала кінамастацтва. Таму і большасць конкурсаў была тым ці іншым чынам з ім звязана.
Падчас адкрыцця лагера адбыліся пасвячэнне навічкоў і святочны канцэрт.
На працягу чатырох дзён юнакі і дзяўчаты, а колькасць удзельнікаў налічвала каля 600 чалавек, гулялі ў футбол і валейбол, перацягвалі канат, выбіралі лепшую пару «Бе-La-Русь 2012». Прайшоў конкурс бівуакаў, у ходзе якога кожны лагер прэзентаваў творчы нумар, і складалася свая «Кніга рэкордаў лагера». Кожны вечар — дыскатэкі, а падчас адной з іх адбылася «бітва дзі-джэяў».
Для забеспячэння парадку, бяспекі і патрэб лагера дзейнічалі верхнядзвінскія службы РАУС, хуткай дапамогі, пагранічная служба і райспажыўтаварыства.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю стала традыцыйная сустрэча на Кургане Дружбы моладзі і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас урачыстага мітынгу да помніка загінуўшым прошкаўскім падпольшчыкам былі ўскладзены вянкі і кветкі. Верхнядзвінскую дэлегацыю, у якую ўвайшлі члены валанцёрскага атрада і маладзёжны атрад аховы правапарадку раёна, узначалілі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны П. Баярын і У. Дашчонак. Хвілінай маўчанння прысутныя аддалі даніну павагі тым, дзякуючы каму сёння мы маем магчымасць жыць пад мірным небам і штогод сустракацца на Кургане Дружбы.
Па заканчэнні мітынгу яго ўдзельнікі змаглі наведаць музей баявой славы.
З кожным годам колькасць жадаючых прыехаць у маладзёжны лагер не змяншаецца. Гэта цудоўная магчымасць не толькі развіваць міжнародныя адносіны, але і абменьвацца вопытам, набываць новыя знаёмствы.
Атмасфера ўрачыстага закрыцця лагера была аднолькава і радаснай, і сумнай. Сумнай таму, што толькі праз год з’явіцца магчымасць гэтак жа насычана і весела правесці час з сябрамі. А радаснай ад таго, што сустрэча ўсё ж такі адбудзецца і прынясе новыя падзеі і ўражаннні.
Анна ЗІМАЦКАЯ.