Да Дня беларускага пісьменства

Актуально Общество

Наўрад ці хто-небудзь робіць больш для прапаганды беларускага слова, чым бібліятэчныя работнікі. Яны пастаянна прывіваюць чытачам, асабліва моладзі, любоў да беларускай літаратуры, знаёмяць з глыбіннымі пластамі нацыянальнай культуры. Першага лютага бягучага года цэнтральная бібліятэка аб’явіла конкурс «Любіць і чытаць сваё».

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Н. С. Глацёнак з бібліёграфам Л. А. Куўшынавай.

-Мэта конкурсу, — гаворыць дырэктар ЦРБ А. К. Гендзік, — абагульняць, распаўсюджваць вопыт работы па прапагандзе і папулярызацыі беларускай літаратуры, падтрымліваць інтарэс чытачоў да творчасці нацыянальных аўтараў. Вынікі конкурсу падвядзём у лістападзе.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства па традыцыі ўсе бібліятэкі рыхтуюць спецыяльныя выставачныя стэнды. У ЦРБ, напрыклад, іх тры. Адзін — «Валадары роднага слова» — прысвечаны класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу. Адразу прыцягвае ўвагу бібліяграфічны ўказальнік, падрыхтаваны загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі Н. С. Глацёнак і бібліёграфам Л. А. Куўшынавай. У ім — біяграфічная даведка аб песнярах роднай зямлі, поўны пералік іх твораў, а таксама артыкулаў аб жыцці і творчасці, апублікаваных у газетах і часопісах.
Другі стэнд распавядае аб літаратуры ХІ-ХVІ стагоддзяў — «Сто асоб беларускай гісторыі», аб асветніцы Святой Еўфрасінні Полацкай, беларускім і усходне-славянскім першадрукары Францыску Скарыне, старажытных рукапісных кнігах. Дарэчы, тут таксама змешчаны бібліяграфічны ўказальнік «Беларускія кнігі — юбіляры», складзены і выдадзены бібліятэкай.
Першага верасня бібліятэкары раёна прымуць удзел у Дні ведаў і, безумоўна, раскажуць школьнікам аб значэнні Дня беларускага пісьменства.
М. КАТКОЎ.
Фота Анны ЗІМАЦКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *