Дажджлівае надвор’е перашкаджае хлебаробам. Аднак некаторыя гаспадаркі, як, напрыклад, ААТ «Баліны», «Нурава», «Прудзінкі», «Сакалоўшчына», СП «Боркавічы», «Асвейскі», «Верхнядзвінскі» і «Лявонішана» выканалі дзяржзаказ па продажы збожжа.
Падчас уборкі побач з вопытнымі камбайнерамі працуе і моладзь. Недахоп вопыту яна кампенсуе стараннасцю, жаданнем і ўменнем пераймаць самае лепшае ад сваіх настаўнікаў.
Сярод маладых людзей праводзіцца спаборніцтва, у ім удзельнічаюць маладзёжныя экіпажы (старэйшы камбайнер і камбайнер), камбайнеры, якія працуюць без памочнікаў, і вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня. Аддзелам па справах моладзі райвыканкама два разы на тыдзень падводзяцца вынікі спаборніцтва. Граматамі або падзячнымі пісьмамі, а таксама сувенірамі адзначаюцца тыя, хто намалаціў і перавёз тысячу і дзве тысячы тон зерня.
Сёння ў раёне працуюць 11 маладзёжных экіпажаў: 5 — у СП «Асвейскі», 3 — у СП «Дрысенскі», 2 — у ААТ «Прудзінкі» і 1 — у СП «Каханавічы»; вадзіцеляў — 11 і маладых камбайнераў — 10.
Несумненным лідарам уборачнай з’яўляецца экіпаж Сяргея Гапановіча і Аляксея Пілюшына з ААТ «Прудзінкі», які першым не толькі ў раёне, але і вобласці намалаціў першую тысячу тон зерня. З гэтай нагоды хлопцы атрымалі віншаванні разам з падарункамі ад Я. Р. Казлоўскай, галоўнага спецыяліста аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
А калі паказчык іх намалоту дасягнуў паўтары тысячы, на поле да лідараў прыехаў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК А. Я. Кузмянкоў. Ён уручыў камбайнерам грашовую ўзнагароду ў памеры 15 базавых велічынь.
Анна ЗІМАЦКАЯ.