На малітву ў Росіцу

Актуально Духовность

У гэтыя дні Росіцкі касцёл сустракае сотні пілігрымаў з розных куткоў свету. Тут адзначаюцца ўгодкі ўзнясення да хвалы алтара росіцкіх пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Сёлета духоўная сустрэча адметная — яна адбываецца ў час святкавання стогадовага юбілею святыні. 

Аб існаванні касцёла на росіцкай зямлі ўпамянута яшчэ ў 1778 годзе, калі тут быў пабудаваны невялікі драўляны храм. Вядома, што брэсцкі ваявода, уладальнік радавога маёнтка ў Лявонпалі Мікалай Лапацінскі ахвяраваў сродкі на будаўніцтва драўлянага касцёла і ўніяцкай царквы ў Росіцы.
У 1911 годзе пачалося ўзвядзенне новага храма з чырвонай цэглы. Будынак атрымаўся вельмі прыгожым: меў дзве высокія вежы, пяцігранную апсіду, трохчастковую кампазіцыю галоўнага фасаду, цэнтральны ўваход з парталам і акном-біфорыумам. Падлога была выкладзена кафляй, ахвяраванай памешчыцай з Наўлян. Стройная і гарманічная неараманская базыліка так высока ўзносіла шпілі вежаў, што іх было бачна здалёк.
У 1917 годзе касцёл быў закрыты.А ў 1933-м — знявечаны. Высокія вежы разбурылі, пазней спрабавалі зрабіць тут клуб, затым склад, канюшню, магазін і нават млын. Напольная мазаіка была пакрышана гусеніцамі калгасных трактараў, ад былой велічы захаваліся хіба сцены. Але касцёл нібы выкідваў чужароднае «начынне», горда ўзвышаючыся над наваколлем і чакаючы свайго законнага прызначэння. І, нягледзячы на знешнія нападкі, заўсёды захоўваў свой статус правадніка веры. Людзі ва ўсе часы шукалі тут духоўнага сілкавання. Асабліва праявілася гэта прага ў самыя цяжкія і трагічныя для расічан гады Вялікай Айчыннай вайны.
Змучаныя ганеннямі на рэлігію і ваенным ліхалеццем, людзі звярталіся да Бога . Ужо ў жніўні 1941 года ў касцёле адбылася служба. Восенню з Друі прыйшлі місіянеры. Кіраўніком місіі стаў ксёндз-марыянін Антоній Ляшчэвіч. У снежні да яго далучыліся яшчэ два ксяндзы і манахіні-эўхарысткі. Дзейнасць касцёла ахоплівала вялікую тэрыторыю, людзі прыязджалі з аддаленых мясцін. Летам 1942 года місіянерскую працу ў Росіцы пачаў ксендз Юрый Кашыра.
Падчас жудаснай карніцкай экспедыцыі 16 лютага 1943 года фашысты сагналі ў касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак. Некалькі невыносных сутак людзі чакалі тут свайго смяротнага часу, не маючы ўжо спадзявання на зямное жыццё. Увесь гэты час з імі былі айцы Антоній і Юрый, якія суцяшалі, маліліся, аблягчалі пакуты сілай духа. Карнікі дазволілі святарам і сёстрам-эўхарысткам свабодны рух, і яны прыносілі вязням ежу і ваду.
Калі наблізіўся час расправы над нявіннымі людзьмі, немцы прапанавалі святарам і манахіням пакінуць Росіцу. Ксяндзы загадалі сёстрам-эўхарысткам ратавацца, а самі засталіся з паствай. Першым разам са сваімі прыхаджанамі ў агонь пайшоў Антоній Ляшчэвіч. Праз дзень групу людзей з крыжам, якую карнікі гналі на спаленне, узначаліў ксендз Юрый Кашыра. У тыя лютаўскія дні ахвярамі фашыстаў стала больш за паўтары тысячы жыхароў Росіцы і навакольных вёсак.
У 1999 го-дзе росіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч былі кананізаваны Папам Янам Паўлам ІІ, як святыя мучанікі, а касцёл у Росіцы стаў месцам паломніцтва і пакланення тысяч людзей з розных краін свету.
У 2000 годзе святыню адрамантавалі, а затым з кожным годам упрыгожвалі і добраўпарадкоўвалі. Пробашч касцёла айцец Часлаў Курэчка з валанцёрамі шмат працуе над тым, каб гістарычная і духоўная скарбніца Росіцы адпавядала свайму высокаму прызначэнню. Касцёл акружаны кветкамі, вясной у памяць ахвяр вайны вакол святыні «загараецца» 1528 цюльпанаў. Да возера спускаецца Алея Благаславеных з туі і чырвонага барбарысу, сімвалізуючая цярністы шлях пакутнікаў. Побач з касцёлам абсталяваны прыгожы вадаём з масткамі, альтанкай і лілеямі. Абноўлены крыжы на месцы спалення людзей і на могілках.
Росіцкі касцёл беражэ памяць, вучыць веры і любові, прымушае разважаць над духоўнымі каштоўнасцямі, на якіх і засноўваецца жыццё.
С.Дзвінская.

Айцец Часлаў Курэчка,  Пробашч Росіцкага касцёла Святой Троіцы

-Летнія Ўрачыстасці ў Росіцы кожны год нас збіраюць на доўгую малітву. Той малітвы, сталай і трывалай, не хапае нам часта ў што-дзённым жыцці, і таму мы імкнёмся ў месцы, якія называем святымі, каб, пакінуўшы хоць на нейкі час нашыя клопаты, у доўгай размове з Панам распавесці Яму пра нас саміх, нашых блізкіх, пра нашыя няўдачы і пра радасныя поспехі, а таксама пра тое, пра што мы нікому іншаму ніколі не скажам.
Бог выбраў гэтае аддаленае месца на нашай зямлі дзеля вялікай ахвяры. Росіца стала алтаром, на які з верай у Божую перамогу над злом паклалі сваё жыццё людзі, такія, як і мы. Гэта месца, дзе двум пастырам Пан даў ласку палюбіць чалавека настолькі моцна, што яны не вагаліся прыняць страшную смерць са сваімі вернікамі. З таго часу гэтая зямля сталася месцам, дзе чалавек чуе Бога па-асабліваму і ведае, што Бог таксама яго слухае ўважліва, як ніколі.
Сёлета мы святкуем таксама і стагоддзе росіцкай святыні. Касцёл, упершыню зачынены ў 1933 годзе і перароблены ў мясцовы клуб, адчынены вернікамі ў час вайны і зноў апаганены тагачаснай уладай, якая, прыстасоўваючы яго да розных патрэб, давяла святыню да руінаў. Сёння ён не мае высачэзных вежаў, шматлікія разбурэнні на сценах, нібы рубцы незагойных ранаў, сведчаць пра балючае мінулае, але ў гэты касцёл насуперак волі чалавека ўпарта вяртаўся Езус. Двойчы гэты храм надзейна быў запячатаны, нібы грабніца Укрыжаванага Збаўцы, і двойчы Бог знаходзіў рукі і сэрцы, што ўносілі сюды сапраўднага Гаспадара. Думаю, што за вякі існавання наўрад ці якая іншая святыня на нашай зямлі пачула столькі малітвы стагнання і болю, як гэты касцёл за некалькі дзён карнай акцыі, калі тысячы людзей чакалі на падлозе святыні свайго прысуду: агонь альбо канцлагер. Укленчыць з малітвай у гэтым месцы — вялікае шчасце для хрысціяніна, які разумее, што такое сапраўдная вера, трываласць і вернасць у шляху да Неба.
Шляхамі пілігрымак, сем’ямі, са знаёмымі і паасобку прыходзьце і прыязджайце ў Росіцу. З глыбіняў нашага жыцця будзем клікаць разам: «…Схілі, Пане, сваё вуха, на голас маёй малітвы…».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *