На днях віншаванні з тысячным намалотам прымаў прудзінкаўскі маладзёжны экіпаж у складзе С. Гапановіча і А. Пілюшына, а ўчора стала вядома імя яшчэ аднаго камбайнера, дасягнуўшага гэтага рубяжу. Ім стаў Валерый Аляксандравіч Бурак з ААТ «Шайцерава».
Павіншаваць камбайнера-тысячніка прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама У. У. Быкаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, а таксама старшыня Шайцераўскага сельвыканкама Т. А. Разумная і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. М. Міклушонак. Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт гаспадаркі адзначылі хлебароба граматай і грашовай прэміяй.
Як прызнаецца сам Валерый Аляксандравіч, уборачная выдалася нялёгкай. І надвор’е падводзіла, і палегласць пасеваў вялікая. Але, аналізуючы ўсе ўборачныя, у якіх удзельнічаў, заўважае, што ўраджайнасць з кожным годам павялічваецца, у чым заслуга агранамічнай службы і ўсіх спецыялістаў гаспадаркі.
Працуе Валерый Аляксандравіч адзін, без памочніка. Аднак тэхніку мае надзейную, добрую, сур’ёзных паломак не было. А калі што, дапамагае інжынерная служба.
А самую надзейную падтрымку хлебароб-тысячнік атрымлівае з боку сям’і. Дома за яго перажываюць жонка і трое дачок. Яны разумеюць, што час зараз напружаны і патрабуе ад людзей поўнай аддачы сіл.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
С заслуженной победой! В Витебском вестнике вчера был репортаж о лидерах жатвы, в том числе и наших хлопцах. Молодцы!