Ад дэпутата залежыць многае

Актуально

Дэпутацкі корпус Бігосаўскага сельскага Савета складаюць 12 народных выбраннікаў, якія ўносяць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Бігосаўшчыны.

Клопатаў у народных выбраннікаў заўсёды хапае. А ў пагранічнай зоне, якой з’яўляецца Бігосаўшчына, іх яшчэ дабаўляецца. «Вароты» рэспублікі павінны быць бездакорнымі ва ўсіх адносінах. Таму да выбараў у дэпутацкі корпус любога ўзроўню тут адносяцца надзвычай адказна. Рэальную дапамогу ў наладжванні высокаэфектыўнай вытворчасці на горадаўтваральным прадпрыемстве «Інвет» аказваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. Ю. Скавародка, кандыдатуру якога два скліканні запар вылучаў калектыў завода. На гэты раз інветаўцы вызначыліся з выбарам другога дастойнага кандытата — В. П. Папко, намесніка начальніка ўпраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Генеральны дырэктар ААТ «Інвет» С. М. Грамадка — дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, раённага Савета па Бігосаўскай-Заводскай выбарчай акрузе і сельскага Савета. Ён лічыць сябе адказным не толькі за эканамічнае развіццё завода, але і за ўмовы жыцця людзей. Без дапамогі «Інвета» не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў аграгарадку. Гэта адчувалася на нядаўнім свяце вёскі, якое запомніцца бігосаўцам надоўга сваёй цікавай праграмай. Першага верасня мясцовая школа атрымала ад завода падарунак — гукаўзмацняльную апаратуру. А ў дзіцячым садку з’явіўся новы сучасны камп’ютар.
У намечаным на апошнія дні верасня свяце вёскі Баліны ўдзел прыме мясцовая гаспадарка, якую ўзначальвае дэпутат сельскага Савета А. У. Шаўрак. Жаданым месцам адпачынку для дзетвары і аматараў рыбнай лоўлі была сажалка, якая з цягам часу зарасла чаротам. Зараз тут працуе тэхніка Верхнядзвінскай ПМС і ПМК-44 — спусцілі ваду, чысцяць дно. Абапал сажалкі з’явяцца лавачкі, малыя архітэктурныя формы, зялёныя насаджэнні.
Балючым пытаннем для многіх сельскіх Саветаў з’яўляецца стан унутрыгаспадарчых дарог. Тут яно вырашаецца. Зноў жа — намаганнямі дэпутатаў. Хоць вёска Стаклы цяпер лічыцца «дачнай», па просьбе пенсіянераў, якія праводзяць тут лета, з дапамогай тэхнікі ДБУ-4, кіраўнік якой П. А. Стамянок з’яўляецца дэпутатам раённага Савета па Бігосаўскай-Паўднёвай выбарчай акрузе, зрабілі ямачны рамонт дарогі. Яна вядзе і да бігосаўскіх могілак.
Зімой са снегавымі заносамі змагаецца трактар ДРУВП ЖКГ, за чым пільна сочыць начальнік Бігосаўскага ўчастка, дэпутат сельскага Савета А. В. Камнеў. Вядома, што камунальная гаспадарка — сфера праблемная і клопатная, тым не менш, прыкладаюцца ўсе намаганні, каб своечасова выконваць заяўкі.
Актыўна ўключыліся ў работу і дэпутаты, вылучаныя на апошніх выбарах у мясцовыя Саветы. Ад імя жыхароў вуліц Садовая, Цэнтральная і Лугавая, дзе дэпутатам пагранічнік А. М. Бярнацкі, па пасяджэнне Савета было вынесена пытанне ўпарадкавання сцежкі, якая спрашчае пераход да цэнтра Бігосава. На тэхніцы ААТ «Баліны»і ААТ «Інвет» прывезлі пясок, вымасцілі вузенькую сцежку самі жыхары ў час суботніка. Бігосаўцы ўдзячны А. М. Бярнацкаму і ўсім пагранічнікам за дапамогу ва ўпарадкаванні воінскага пахавання ў вёсцы Вопытная.
На вуліцах Мытная, Рабочая і Клубная жывуць, у асноўным, пенсіянеры, якія з усімі праблемнымі пытаннямі звяртаюцца непасрэдна да свайго дэпутата, майстра Бігосаўскага чыгуначнага ўчастка Полацкай дыстанцыі пуці А. У. Шлыка і заўсёды знаходзяць падтрымку.
Пытанням добраўпарадкавання аграгарадка вялікую ўвагу надаюць дэпутаты, работнікі сістэмы адукацыі і культуры Г. В. Тушкіна, Н. І. Паршута і І. М. Літвінава. Іх уласныя сядзібы з’яўляюцца ўзорнымі.
Дэпутат у бігосаўцаў — гэта чалавек паважаемы, надзейны і аўтарытэтны. Такі, якому можна даверыць любую справу і быць упэўненым у яе станоўчым вырашэнні.
Людміла АРЛОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *