Земляробы раёна завяршаюць уборку збажыны, а ў льнозаводцаў пачынаецца гарачая пара.
Даўгунец выспеў добры, цяпер самы час яго ўпарадкаваць. Завод гатовы да гэтай адказнай справы. Тэхніка, механізмы даведзены да ладу, дзякуючы працавітым рукам токара Р. В. Яроменка, якога галоўны інжынер прадпрыемства Г. А. Кірылаў ахарактарызаваў як універсальнага майстра з канструктарскай думкай, наладчыка А. Г. Мятлюка, электрыка І. І. Варановіча, машыніста кацельні Ф. Р. Арла.
Першыя тоны трасты паступілі з ААТ «Прудзінкі». Завод таксама вырошчвае даўгунец на плошчы 700 гектараў — пасевы размешчаны ў гаспадарках «Баліны», «Вужыца», «Каханавічы», «Дрысенскі». Прадпрыемства мае 6 льноўборачных камбайнаў ЛК-4А, 3 церабілкі ТСЛ-2,4. Менавіта яны дазволілі своечасова ўбраць палёглыя пасевы.
-Сёлета, — гаворыць Генадзь Аляксеевіч, — асноўную ўвагу ўдзяляем льнонасенню, бо на сусветным рынку яно цэніцца асабліва. І калі зараз тона каштуе 4 мільёны 700 тысяч рублёў, то вясной можна будзе прадаць яго мільёнаў за 15.
А гэта важна для прадпрыемства. Бо нерэнтабельныя заводы закрываюцца, як напрыклад, у Бешанковічах. Была надзея на новае сучаснае абсталяванне, ды наяўныя плошчы не дазваляюць. Зрэшты, вытворчыя лініі, запушчаныя ў 2005 годзе, не даюць збояў. Іншая справа, што не хапае рабочых рук. Плануецца наладзіць трохзменную работу. Завод выдзеліць транспарт для падвозу людзей у начны час.
На палях жа кіпіць работа. Не губляюць дарэмна часу механізатары М. М. Галавач, Р. А. Міхайловіч, А. А. Філіпенка, Д. М. Падольскі, М. А. Мацур, раўняецца на іх новы член калектыву Дзмітрый Харольскі.
На тэхналагічнай лініі працавітасцю і стараннасцю вызначаюцца І. І. Ярышкіна, Л. М. Камагурава, Ф. А. Легедзь, А. А. Агурэцкая, А. В. Уліновіч, К. А. Сівоха. Прыёмку паступаючай з палёў прадукцыі ажыццяўляюць А. В. Тамашэвіч, Н. Л. Васільева, Н. П. Качэтка. Штогод у час уборкі ўраджаю дапамагае роднаму прадпрыемству І. І. Немянёнак, зараз пенсіянер.
М. КАТКОЎ.
Фота Анны ЗІМАЦКАЙ.