У сельскіх гаспадарках раёна пачалася масавая ўборка бульбы і кукурузы, вядуцца сяўба азімых, нарыхтоўка даўгунцу, уздым зябліва, іншыя палявыя работы.
Земляробы раёна папрацавалі адмыслова: выспеў добры ўраджай па ўсіх відах культур. Збожжавыя далі каля 35 цэнтнераў з гектара, хлебны каравай Верхнядзвіншчыны важыць звыш 88300 тон. Льновалакна сабрана больш чым па 10 цэнтнераў на круг пры сярэднім нумары 1,05. Нарыхтавана ўжо 1142 тоны трасты — гэта другое месца ў вобласці пасля Дуброўна. Лён яшчэ не звезены з палёў — ён недастаткова вылежаўся. Не выключана, што пры ўборцы даўгунцу спатрэбіцца дапамога гараджан.
Традыцыйна трывалая закладваецца ў раёне кармавая база- ёсць ужо па 18,28 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А наперадзе яшчэ ўборка 5500 гектараў кукурузы, якая таксама дае нядрэнную ўраджайнасць.
Днямі гаспадаркі раёна прыступілі да масавай уборкі бульбы. Яе вырошчваюць КУВСП «Лявонішана», ААТ «Нурава» і «Прудзінкі». Агульнае бульбяное поле складае 348 гектараў. Урадзіў «другі хлеб» добра — з гектара атрымліваюць 270 цэнтнераў. Актыўна вядуць уборку клубняў прызнаныя бульбаводы раёна — лявонішанцы. Тут выкапана ўжо 50 гектараў — амаль трэць ад агульнай плошчы, атрымана 1400 тон клубняў. Поўнасцю засыпана тысячатоннае сховішча. Уборку гаспадарка вядзе толькі механізаваным спосабам — працуюць тры камбайны, адзін з якіх набыты сёлета. А вось «Прудзінкі» і «Нурава» убіраюць бульбу з дапамогай студэнтаў Полацкага ўніверсітэта і мясцовага насельніцтва.
Як паведаміла першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Л. К. Грэсько, галоўны клопат сельгасвытворцаў сёння — ураджай будучага года. Пасеяна звыш 40% азімай збажыны, а наперадзе яшчэ вялікі аб’ём работ, які стрымлівае праблема з гаручым. Дызпаліва набываецца за сродкі гаспадарак і выкарыстоўваецца «з колаў». Справа рухаецца ў тых, хто мае ўраджай і, адпаведна, сродкі на набыццё ГЗМ: ААТ «Прудзінкі» пасеяла 72% азімых, «Шайцерава» — 62%, КУВСП «Лявонішана» — 56%, ПВУП «Вужыца-Агра» — 58%.
Час патрабуе ад сельгасвытворцаў і ўсіх, хто карыстаецца пладамі зямлі, максімальнага напружання сіл. Удасца справіцца з уборачнымі работамі і сяўбой азімых — будзе хлеб на стале.
С. ДЗВІНСКАЯ.