Выканаем грамадзянскі абавязак

Актуально

23 верасня — асноўны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А на выбарчых участках ужо ажыўлена: з 18 па 22 верасня ўключна ідзе датэрміновае галасаванне.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Завод-скага выбарчага іўчастка № 3 Е. А. Сініцына ўручыла сувенір першаму выбаршчыку С. М. Баярчук.

29 выбарчых участкаў раёна з 30 адкрыты для выбаршчыкаў, якім больш зручна аддаць свой голас датэрмінова. Нашы карэспандэнты пабывалі на некаторых участках і пацікавіліся ходам галасавання.
Верхнядзвінскі-Заводскі ўчастак № 3 — адзін з самых вялікіх у раёне, тут у спісы для галасавання ўнесена 1946 выбаршчыкаў. Як адзначыла старшыня выбарчай камісіі Е. А. Сініцына, якая праводзіць на ўчастку ўжо чацвёртую выбарчую кампанію, з кожным годам выбаршчыкаў становіцца больш — мікрараён расце. Зразумела, па розных абставінах не ўсім удаецца прыйсці сюды ў асноўны дзень выбараў, таму людзі спяшаюцца скарыстаць сваё права датэрміновага галасавання.
Выбарчая камісія, у якую ўваходзіць 14 чалавек, пастаралася зрабіць усё, каб працэс праходзіў арганізавана і зручна для людзей. Рыхтаваліся яшчэ са жніўня: прыводзілі ў парадак памяшканне ўчастка, працавалі з дакументацыяй, удакладнялі спісы выбаршчыкаў, афармлялі стэнды. Члены камісіі абыйшлі кватэры выбаршчыкаў і запрасілі прыходзіць на галасаванне, прынялі заяўкі ад нямоглых людзей, якія пажадалі выканаць свой грамадзянскі абавязак на даму.
На ўчастку змешчана ўся неабходная інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты, якіх па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 24 зарэгістравана чатыры. Створаны ўмовы для работы назіральнікаў — сачыць за працэсам выбараў выказалі жаданне чацвёра прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і партый.
Адметная асаблівасць сёлетніх выбараў — празрыстыя скрынкі для галасавання. Іх апячаталі ў прысутнасці членаў камісіі і назіральнікаў.
Роўна ў 10 гадзін 18 верасня на ўчастак прыйшлі выбаршчыкі. Першай прагаласавала кладаўшчык РВУ «Верхнядзвінскрайгаз» Святлана Міхайлаўна Баярчук. Яна адзначыла, што ў выхадныя ў сям’і ёсць свае планы, таму ўсе будуць галасаваць датэрмінова. А ўдзел у выбарах разам за Святланай прымаюць муж, двое сыноў і нявестка. Адносяцца да важнай палітычнай кампаніі адказна: ад яе залежыць накірунак далейшага жыцця. Хочацца, каб яно было спакойным, стваральным, заможным і бяспечным. Першым выбаршчыкам на ўчастку ўручылі сувеніры. Асобна вітаюць тут і тых, хто прыходзіць галасаваць упершыню.
У першыя два дні на ўчастку прагаласавала 159 чалавек. Члены камісіі чакаюць усіх сваіх выбаршчыкаў.
* * *
Святочны настрой выбараў заўсёды адчуваецца на Верхнядзвінскім-Цэнтральным участку № 2. І не дзіўна: размяшчаецца ён у раённым Доме культуры, а тут сама атмасфера асаблівая — творчая і ўзнёслая.
Старшыня камісіі В. В. Бацьянава, якая з’яўляецца вопытным кіраўніком выбарчых кампаній на ўчастку, расказвае, што ў спісы для галасавання ўнесена 1000 чалавек. Яны звераны і ўдакладнены — у спісы ўнесены грамадзяне, якія жадаюць прагаласаваць па месцы знаходжання на ўчастку ў дзень выбараў. Прынята 87 заявак ад жадаючых прагаласаваць на даму.
Напярэдадні галасавання для членаў камісіі праведзены трэнінг, на якім прааналізаваны рабочыя моманты выбараў, абмеркаваны розныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць падчас іх правядзення. Чакаюць на ўчастку значную колькасць назіральнікаў — іх ужо зарэгістравана 5.
Мяркуючы па першых днях, выбаршчыкі ахвотна ўдзельнічаюць у датэрміновым галасаванні — на момант падрыхтоўкі матэрыялу прагаласавала 107 чалавек. У папярэднія выбарчыя кампаніі загадзя сюды прыходзіла да трэці пражываючых на ўчастку.
Асноўны ж наплыў выбаршчыкаў чакаюць у асноўны дзень галасавання — 23 верасня. Для іх будзе працаваць буфет, гучаць музыка, а ў 12 гадзін адбудзецца канцэрт.
-Выбаршчыкі нашага ўчастка заўсёды вылучаюцца актыўнасцю і грамадзянскай свядомасцю, — зазначае В. В. Бацьянава, — спадзяёмся, што актыўна прагаласуюць і на гэты раз.
С. АЛЯКСАНДРАВА,
Л. ЗАЙЦАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *