(працяг)
10 жніўня Каханавічы былі заняты перадавымі часцямі корпуса Удзіно. Амаль адначасова падышлі туды і авангарды корпуса Вітгенштэйна пад камандай генералаў Гельфрэйха і Казачкоўскага. Яны атакавалі праціўніка і хутка адкінулі яго назад, за Палыкаўшчыну і Мамонаўшчыну, аж да вышынь правага берага Свольны паблізу вёскі Пажарышча.
Ноч і частка раніцы 11 жніўня прайшлі спакойна, і праціўнік (войскі Удзіно) бяздзейнічаў, нягледзячы на значную перавагу ў сілах; перадавыя яго войскі займалі вышыні на правым беразе Свольны, паблізу вёсак Пажарышча і Востры Канец, а галоўныя сілы корпуса Удзіно сканцэнтраваліся на пазіцыях левага берага Свольны, галоўным чынам насупраць названых дзвюх перапраў. Мяркуючы, што бяздзеянне праціўніка тлумачыцца чаканнем падмацавання, чаго на самой справе не было, генерал Даўрэ вырашыў аднавіць напад, і бой пачаўся ўзмоцненай рэкагнасцыроўкай авангардаў Гельфрэйха і Казачкоўскага. Французы былі хутка адкінуты да перапраў праз Свольну, рускія войскі сталі на пакінутых імі пазіцыях, і затым пачаўся бой ужо за пераправу праз раку, бой з бліскучым пераможным вынікам для рускіх войскаў, які скончыўся не толькі завалоданнем імі пераправамі, але і адступленнем усяго корпуса маршала Удзіно за Дрысу к Полацку.
Рака Свольна на працягу паміж пераправамі ля мызы Свольна і вёскай Востры Канец мае даволі звілістае цячэнне сярэдняй хуткасці; шырыня яго каля 4-х сажняў (у ліпені); берагі ракі на ўсім працягу паміж дзвюма пераправамі абрывістыя (месцамі стромка); там-сям па берагах кустоўе, асабліва густое каля мызы Свольна. Даволі шырокая абалона ракі цалкам адкрытая, і ўздоўж яе пралягаў прасёлак праз Маставуху, які злучаў абедзве пераправы; зносіны ж паміж імі на правым беразе меліся толькі па прасёлку праз Пажарышча, прычым месцамі ў гэтым напрамку сустракаюцца невялікія балоты, аднак пераадольныя ў сухую пару года. Слабыя ўзвышшы правага і левага берага Свольны маюць лёгкі нахіл да яе, і толькі каля пераправы, бліжняй да вёскі Востры Канец, яны на правым беразе пачынаюцца амаль ад ракі. Наогул варта сказаць, што, нягледзячы на параўнаўча нязначную шырыню, рака Свольна ўяўляла (і ўяўляе зараз) сабой істотную перашкоду, пераадольную на амаль двухвёрставым працягу толькі па двух мастах.
Гаспадарскі дом з шэрагам гаспадарчых пабудоў, пад агульнай назвай мыза Свольна, займаў, з прылеглым да ракі вялікім садам і агародамі, вялікую плошчу. Гаспадарскі сад акружаў частакол, стоячы за якім грэнадзёрская рота Пермскага палка сустракала згубным агнём кірасіраў дывізіі Думерка, якія з безагляднай смеласцю кінуліся да пераправы ля мызы Свольна і нават праскакалі па мосце.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).